Як міліцыя паказанні выбівала
30-гадовы жыхар Малеча Аляксандр Скалдуцкі агаварыў сябе ва ўжыванні наркотыкаў пасля некалькіх удараў па галаве начальнікам аддзела барацьбы з незаконным абаротам наркотыкаў Бярозаўскага РАУС.
Скалдуцкі меў цяжкую чэрапна-мазгавую траўму, доўга лячыўся і стаіць на ўліку ў неўролага. Пасля першых удараў ён папрасіў не біць яго па галаве, паведаміўшы пра траўму. Але ўдары не спыніліся, і тады мужчына сказаў, што падпіша патрэбныя дакументы. Тэставанне ў бальніцы на наяўнасць у крыві наркотыкаў супала з абвінавачваннямі пасля размовы ўрача з міліцыянтам, кажа Аляксандр Скалдуцкі:
– Ён мне нанёс адзін удар па галаве, пасля яшчэ раз. Я папрасіў яго не біць, бо я маю сур’ёзныя траўмы галавы. Пасля гэтай інфармацыі ён яшчэ раз мяне ўдарыў. І сказаў, каб я нармальна размаўляў з гэтым супрацоўнікам, інакш мяне закрыюць і далей працягнуць размову.
Паводле сябра Праваабарончага цэнтра “Вясна” Сержука Русецкага, нічога дзіўнага, што чалавек падпісаў патрэбныя міліцыянтам дакументы нават не чытаючы, калі ведаў, да чаго могуць прывесці ўдары ў траўмаваную галаву:
– Безумоўна, каб пазбавіцца пакутаў. Як ён казаў, каб не стаць інвалідам. І каб пасля, вырваўшыся на волю, паспрабаваць бараніць свае правы, сваю праўду.
Са скаргамі на дзеянні міліцыянтаў Скалдуцкі звярнуўся ў пракуратуру Бярозаўскага раёна. Але не паспеў аддаць скаргу, як тыя, на каго скардзіўся, з’явіліся ў доме бацькі, спрабуючы забраць Аляксандра ў аддзел. Як аказалася, у пракуратуры працуе жонка таго, хто, па словах Скалдуцкага, выбіваў у яго прызнанні. Зараз яго справай займаецца Следчы камітэт. Паўторны дабравольны тэст на наяўнасць у крыві наркотыкаў у Берасцейскім наркадыспансеры паказаў адмоўны вынік.
Беларускае Радыё Рацыя