Як міліцыя «перавыхоўвае» асуджаных да «хатняй хіміі»
Асуджаныя да «хатняй хіміі» па палітычных артыкулах беларусы знаходзяцца пад каўпаком міліцыі. У любы час сутак людзі ў пагонах наведваюць сваіх «падапечных». Самых непакорлівых уначы падымаюць мінімум двойчы.
Кожную пятніцу і нядзелю іх збіраюць у аддзяленнях міліцыі на лекцыі па „перавыхаванні”, расказвае асуджаная да трох гадоў «хатняй хіміі» за абразу капітана Івацэвіцкага РАУС Руслана Куцко Вольга Кронда:
– Столькі абразаў у мой адрас – я і дурніца, я і тупая, калі я яшчэ адкрыю рот на кагосьці з прадстаўнікоў міліцыі, то начальнік РАУС „асабіста маё дзіця здасць у інтэрнат, а мяне на пару гадоў пасадзіць». Кажуць, «табе Ціханоўская мазгі прамыла, папрасі, няхай яна грошай табе дасць на штрафы». Майму дзіцяці зрабілі аперацыю ў другім горадзе, я два тыдні хадзіла да інспектара, прасіла дазволу.
Паводле Вольгі Кронды, яна ўжо з пачатку лютага просіць дазволу завезці ў сакавіку пяцігадовую дачку ў санаторый блізу Івацэвіч. Дачцы даюць бясплатную пуцёўку, бо яна часта хварэе.
Такое стаўленне і такое «перавыхаванне» будзе мець адваротны вынік. І не толькі ў яе, але і ў іншых асуджаных па палітычных матывах.
Беларускае Радыё Рацыя