Як настаўніца з паплечнікамі рыхтавалася захапіць уладу
Раніцай 8 снежня 1944 года сакратар Дзівінскага раённага камітэта Кампартыі (цяпер Кобрынскі раён, Берасцейскай вобласці) Якаў Індзюкоў атрымаў інфармацыю, якую хутка перадаў спецыяльным данясеннем старшыні партыі ў савецкай Беларусі Панцеляймону Панамарэнка і абласному партыйнаму кіраўніку Міхаілу Тупіцуну. Паведамленне было вельмі добрым для таварышаў.
Чэкісты выявілі ў Дзівіне антысавецкую групу, лідарам якой з’яўлялася мясцовая настаўніца. “Органамі НКУС раскрытая контррэвалюцыйная арганізацыя пад назвай АУН, ці Арганізацыя ўкраінскіх нацыяналістаў, у колькасці 37 чалавек. За 3 дні работы арыштавана 10 чалавек, у тым ліку кіраўнік гэтай арганізацыі настаўніца Алена Скрашчук. У сваёй большасці гэтая контррэвалюцыйная арганізацыя складаецца з моладзі Дзівіна, настаўнікаў і работнікаў сувязі…”, – інфармаваў Менск і Берасце Індзюкоў.
З дакументаў НКУС вынікае, што група Алены Скрашчук праводзіла агітацыю сярод насельніцтва тагачаснага Дзівінскага раёна аб падтрымцы Украінскай Паўстанцкай Арміі (УПА), вяла пошукі новых людзей, якія б маглі папоўніць шэрагі арганізацыі. Скрашчук і яе паплечнікі займаліся забеспячэннем антысавецкага падполля ўзбраеннем і распаўсюджвалі ўлёткі, плакаты і іншую літаратуру.
Сакратар Дзівінскага райкама Кампартыі запэўніваў Панамарэнка, што ліквідавана сур’ёзная пагроза, бо настаўніца рыхтавалася да звяржэння саветаў у рэгіёне. “Падрыхтоўвалі захоп улады ў раёне, для гэтай мэты стваралі так званыя баёўкі – ўзброеныя атрады для выкарыстання іх пасля звяржэння савецкай улады ў якасці паліцыі, а таксама на гэтыя атрады ўскладалася праца па знішчэнні партыйна-савецкага актыву і правядзенне дыверсій. Даваліся заданні членам контррэвалюцыйнай арганізацыі прабірацца ў савецкія ўстановы і праводзіць неабходную для іх працу…”.
Усе ўцякаюць у лес, у войска не хочуць
Праўда, завершыць свае данясенне Якаву Індзюкову прыйшлося ўсё ж не добрай навіной, а змаўчаць такі факт было немагчымым. Другая Сусветная вайна працягвалася і Чырвоная Армія, якая на той момант ужо крочыла па Еўропе, паступова, з вялікімі стратарамі і цяжкасцямі набліжалася да нацысцкай Нямеччыны. Неабходна было папаўненне войска. З ліпеня 1944 года на Палессі, як і па ўсёй Беларусі, праводзілася мабілізацыя. У “краіне багнаў” прызыў штораз зрываўся з-за нежадання мясцовых хлопцаў ісці ў Чырвоную Армію. Гэтаму пытанню савецка-партыйнае кіраўніцтва надавала асаблівую ўвагу і ўхілістаў каралі не менш чым дэзерціраў ці тых жа антысавецкіх партызанаў.
Дык вось сакратар Дзівінскага райкама КП(б)Б даводзіў вышэйшаму начальству, што ў лістападзе для старэйшых узростаў была абвешчана мабілізацыя. З усяго раёна трэба было, каб з’явілася 650 чалавек ваеннаабавязаных для накіравання іх у Чырвоную Армію. Усе яны загадзя прайшлі перападлік ў раённым ваенкамаце і атрымалі ваенныя білеты. З гэтай колькасці добраахвотна ні адзін чалавек у райваенкамат не з’явіўся.
Пасля гэтага на дапамогу прыйшла вайсковая частка, якая знаходзілася ў Дзівінскім раёне. У ходзе адмысловай аперацыі злоўлена і накіравана праз райваенкамат на перасыльныя пункты да 200 чалавек, астатнія хлапцы хаваюцца, частка ўзяла з сабою ў лясы коней, кароў, авечак і такім чынам ствараюць харчовыя базы на зімовы перыяд.
Дэзерціры забіваюць афіцэраў
Эфект ад тых ухілістаў, якіх усё ж выяўлялі і накіроўвалі ў Чырвоную Армію быў вельмі спрэчным. Большасць праз некалькі дзён самавольна пакідала воінскія часткі або месца ваеннай службы ды спяшаліся дадому.
Паўсюдна на Палессі стаялі пасты, а таксама дзейнічалі атрады для выяўлення збеглых жаўнераў. Ноччу 8 снежня 1944 года каля вёскі Дружылавічы, тады Іванаўскі раён Пінскай вобласці, адбыўся бой паміж дэзерцірамі і атрадам чырвонаармейцаў з 20 аўтаматчыкаў і 3 афіцэраў. У выніку сутычкі забіты старшы лейтэнант Барыс Старабінскі, а група збеглых жаўнераў знікла ў лесе.
Такіх выпадкаў было дзясяткі. Сітуацыя дойдзе да таго, што ўжо ў 1945 годзе ў Маскве прымуць рашэнне пра ўзмацненне савецка-партыйнага і чэкісцкага кантынгенту на Палессі.
Пінская вобласць: няма жыцця савецкім чыноўнікам
Партыйнае кіраўніцтва Пінскай і Берасцейскай вобласці яшчэ з канца лета 1944 года паведамляла ў Менск, што антысавецкае падполле адным з метадаў барацьбы абрала тэрор у дачыненні да савецка-партыйнага актыву, прадстаўнікоў савецкіх органаў улады і дзяржаўных устаноў.
У снежні 1944 года ў Пінскай вобласці адбылося некалькі такіх акцый. Яны мелі шырокі рэзанас. У Іванаўскім раёне ў вёсках Ляскавічы і Ляхавічы антысавецкімі партызанамі ліквідавана сем чалавек сельскага актыву. 18 снежня ў вёсцы Кротава Жабчыцкага раёна забіты: пракурор раёна таварыш Мароз, старшыня сельсавета таварыш Лазарчык, сакратар сельсавета таварыш Зак і тры дэпутата сельсавета. У сувязі з такімі дзёрзскімі вылазкамі сакратар Пінскага абкама Камуністычнай партыі Аляксей Кляшчоў аб’явіў 20 снежня мабілізацыю партыйна-савецкага актыву вобласці і раёнаў для выяўлення групы і барацьбы.
Ужо 25 снежня сакратар Іванаўскага райкама КП(б)Б Ціт Міраненка паведамляў Кляшчову, што ў Іванаўскім раёне дзейнічае антысавецкая група ў колькасці 120 чалавек, а можа й болей. Ноччу 20 снежня гэтая група заняла Ляхавіцкі сельсавет, пакаралі смерццю ўпаўнаважанага райкама партыі таварыша Шэсціракова. Пасля знішчылі Моладаўскі сельсавет і размясціліся на сутку ў вёсцы Бусы.
У тыя ж дні ў Адрыжынскім сельскім савеце з’явілася група ў колькасці 40 байцоў. Яны злавілі і ўзялі з сабой у палон упаўнаважаных райкама партыі Ягорава і Кірылава, лёс іх так і застаўся невядомы. Ноччу 21 снежня добра ўзброеныя антысавецкія партызаны прыйшлі ў вёску Замошша і звярнуліся да сялян, каб яны не здвалі збожжа саветам і не вывозілі лес, а калі будуць дапамагаць бальшавікам, то панясуць адказнасць ад імя “народнага супраціву”.
Сакратар Іванаўскага райкама Кампартыі Ціт Міраненка адзначаў, што маральна-палітычны настрой жыхароў раёна, савецка-партыйнага актыва вельмі прыгнечаны бурлівай дзейнасцю падполля. Такая сітуацыя на канец 1944 года складвалася на ўсім Палессі. Таму падводзячы вынікі 1944 года па барацьбе з нацыяналістычным элементам ў Заходняй Беларусі Лаўрэнцій Берыя прапануе Іосіфу Сталіну павялічыць войскі НКУС, але пра гэта іншым разам.
Ранейшыя публікацыі прысвечаныя падзеям 1944 года на Палессі гл.: “Барацьба з саветамі на Палессі ўлетку 1944 года”, “Нацыяналісты лютуюць. Падзеі 75-гадовай даўніны”, “Берыя Сталіну пра барацьбу з антысавецкім элементам”, “Барацьба за Дняпроўска-Бугскі канал”.
Беларускае Радыё Рацыя