Як “недармаеды” трапляюць у базу “дармаедаў”?



Гомельскі праваабаронца Леанід Судаленка распавёў пра тое, чаму тым, хто не згодны са сваім “дармаедскім” статусам, варта звяртацца па абарону да юрыстаў альбо у прафсаюз РЭП.

Днямі стала вядома, что гамяльчанку Людмілу Багданаву з дапамогай юрыстаў прафсаюза РЭП таксама выключылі са спіса “дармаедаў”.

Раней у Гомелі “камісія па дармаедстве” вызваліла ад падвышанай аплаты ЖКГ да канца гэтага году дамашнюю гаспадыню Марыю Тарасенка.

Леанід Судаленка: Людмілу Багданаву выключылі са спісаў “дармаедаў”, бо ў яе ўжо перадпенсійны ўзрост, здаецца, тры месяцы застаецца да выхаду на пенсію. Па законе яе ўжо не павінны былі ўключаць ні ў якія спісы, але ж напачатку года зрабілі гэта і паставілі ў вядомасць. Добра, што жанчына звярнулася ў прафсаюз РЭП, такім чынам мы дамагліся справядлівасці. А ў спісы яе, відаць, уключылі агулам, ніхто там нават і не разбіраўся. Такіх выпадкаў хапае.

РР: Ці шмат людзей да вас звяртаюцца?

Леанід Судаленка: Ад гамяльчан было шэсць зваротаў, і ўсіх шасцярых выключылі з базы “дармаедаў” пасля нашага ўмяшальніцтва. Але многія, натуральна, ці то не ведаюць, што можна пазмагацца, калі ўпэўнены ў сваёй праваце альбо ёсць сумненні, альбо баяцца. Многія ж жывуць па прынцпе: мне дрэнна, але каб не выйшла горш.

РР: Колькі сёння налічваецца ў краіне “дармаедаў”?

Леанід Судаленка: Першапачаткова апелявалі лічбай у 500 тысяч чалавек, затым спіс скараціўся да 425 тысяч. Пазней, калі ўлады пабачылі, што такая армія незадаволеных “дармаедаў” – гэта рэальная сіла і небяспека для дзяржавы, то вырашылі спаганяць грошы толькі з “уласнікаў, якія не заняты ў эканоміцы”. І пасля гэтага колькасць “дармаедаў”, пра якую казалі чыноўнікі, яшчэ больш зменшылася. Адным словам, з вялікага грому атрымаўся малы дождж. Складваецца ўражанне, што за ўвесь час змагання з “дармаедамі” дзяржава патраціла куды больш, чым атрымала.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя