Як Ніна Багінская выжывае на 170 рублёў у месяц?



Вядомая грамадская актывістка Ніна Багінская распавяла пра вялікія штрафы і ўласны бюджэт.

“У мяне па-ранейшаму за штрафы дзяржава забірае 50 працэнтаў пенсіі, таму даводзіцца эканоміць, – кажа суразмоўца. – Але навучылася жыць і з такімі грашыма…”

Ніна Багінская пастаянна выходзіць на розныя акцыі з бел-чырвона-белым сцягам, каб выказаць сваю грамадзянскую пазіцыю. Міліцыя кваліфікуе гэта, як несанкцыянаваныя пікеты, і ўжо працяглы час выпісвае сталай жанчыне вялікія штрафы, якія ў агульнай суме дасягнулі ўжо фантастычных для пенсіянеркі памераў.

“Па папярэдніх падліках, агульная сума штрафаў, якія мне выпісалі за апошнія гады, дасягнула ўжо прыкладна 40 тысяч рублёў (у эквіваленце – каля 20 тысяч долараў), – распавядае актывістка. – Натуральна, аплочваць іх не збіраюся, а таму дзяржава ў мяне працягвае забіраць 50 працэнтаў пенсіі. У выніку раней атрымлівала 160 рублёў на рукі, столькі ж ішло на пагашэнне штрафаў. Зараз маю крыху больш — 170 рублёў”.

Каб спагнаць штрафы, судовыя выканаўцы абвясцілі нават аўкцыён па продажы лецішча Ніны Багінскай у Дамашанах Смалявіцкага раёна, а таксама арыштавалі лецішча пенсіянеркі ў Пухавіцкім раёне.

“Як вядома, лецішча ў Дамашанах збіраліся прадаць з аукцыёна, але пакупнікоў так і не знайшлося, – працягвае Ніна Багінская. – Смалявіцкі аддзел прымусовага пакарання пасля гэтага адмовіўся выстаўляць на аукцыён маю нерухомасць, і справу перанакіравалі ў аддзел прымусовага пакарання Першамайскага раёна Менска. А зараз атрымала ліст і з аддзела прымусовага пакарання Пухавіцкага арёна, у якім паведамляецца, што і гэтае лецішча не будзе выстаўлена на аукцыён. Зрабіла з гэтага выснову, што ў раёне чыноўнікі не такія баязлівыя, як у Менску, і нават, як мне падаецца, разумнейшыя за сталічных. Усім жа відавочна – ніхто мае лецішчы не купіць”.

Як выжывае пенсіянерка на пенсію ў 160-170 рублёў у месяц?

Мне на жыццё шмат не трэба, – адказвае Ніна Рыгораўна. – І меню ў мяне даволі сціплае: не вельмі дарагія кашы (найперш – аўсянка), малако, кефір, чорны хлеб, супавыя курыныя наборы. Акрамя таго, летам і восенню я добра падрыхтавалася да зімы – замарозіла зеляніну, шмат ягад. У мінулым годзе быў багаты ўраджай яблык, таму з гэтым зараз таксама ніякіх праблем няма. А вось мяса і кіўбасы не купляю, тым больш, што для здаровага харчавання яны не вельмі і падыходзяць. Праўда, на Новы год дачка прывезла мне бараніну, якую люблю ўжо даўно, таму прыгатавала яе і з’ела з вялікім задавальненнем”.

Ніна Багінская дадае, што кватэра ў Менску запісана не на яе, таму камунальныя паслугі аплочваюць дзеці.

“Калі бюджэт правільна размеркаваць, то ў мяне нават застаюцца грошы на падпіску на незалежныя газеты, – адзначае суразмоўца. – Альбо, напрыклад, не так даўно была паездка ў Гомельскую вобласць на магілу Героя Украіны Міхаіла Жызнеўскага, які быў забіты падчас Майдана ў Кіеве, а таму такса ма заплаціла разам з усімі 20 рублёў за аўтобус. Адным словам, грошы для мяне не галоўнае. Галоўнае тое, што я раблю”.

palitviazni.info