Як пачалася вайна – успамінае Іван Базарэўскі



22 чэрвеня 1941 года жыхары Заходняй Беларусі даведаліся, што зноў пачалася вайна пасля двухгадовай перадышкі.

Івану Базарэўскаму з хутара ля вёскі Сінічаняты Баранавіцкага раёна на той момант было 11 гадоў. Упершыню ўбачыў нямецкія самалёты, калі пасвіў свой статак, расказвае Іван Базарэўскі:

– Пасвіў я кароў і авечак. Бачу, сонца садзіцца, трэба гнаць дамоў статак. І бачу, як нізка над зямлёй ляцяць пяць ці шэсць самалётаў. Думаю, што ж мне рабіць? І пакуль я думаў, гэтыя самалёты развярнуліся і паляцелі ў іншым кірунку.

РР: А як Вы даведаліся, што вайна пачалася?

Іван Базарэўскі: У нас быў радыёпрыёмнік. Бацька вырашыў разам са мной пайсці ў вёску Сінічаняты. Прайшлі каля кіламетра і чуем з левага боку такі гул. Выйшлі немцы, у іх і коні былі, і матацыклы, і ровары, і столькі тэхнікі. Я ўпершыню ўбачыў аўтобус. І ўсё гэтае полчышча  спынілася. Ад яго аддзяліўся “ўазік” і пад’ехаў да нас. Бацька добра ведаў нямецкую мову. І вось немец пытаецца: “Дзе хутар Кайданоўка?” Бацька яму адказвае: “Не Кайданоўка, а Кайдалоўка”. Гэта быў суседні хутар. Гэта ж у немцаў усе хутары і калодзежы былі пазначаныя! І яны занялі ўсю гэту тэрыторыю. І адпачывалі.

РР: Вас не рабавалі?

Іван Базарэўскі: Вечарам прыехалі да нас, абарвалі радыё. Пасля абеду прыехалі на грузавой машыне, забралі цялушку, 15 авечак і далі нам маркі. Папсавалі нашыя  пасевы. Пасля распрануліся, мыліся. Такія брудныя былі, замучаныя.  Адкуль яны ехалі, не ведаю.

Каля нашага хутара круціўся нямецкі самалёт-разведчык „рама”. І скінуў нешта. Бацька, паколькі ведаў нямецкую мову, вырашыў пайсці да немцаў, паразмаўляць. Прыйшлі мы з бацькам. А яны кажуць, што праз месяц будуць у Маскве. А мой бацька адказвае, што гэта вельмі далёка. За месяц яны не паспеюць. І нават за два. Яны пачалі злавацца. І сказалі, што ўсё роўна хутка дойдуць. Яны спыталіся, хто бацька па нацыянальнасці, думалі што габрэй, бо ведае нямецкую мову. Бацька баяўся сказаць, бо яны палякаў таксама ненавідзелі. І адказаў, што беларус. “Яно і відаць, што дурань”, – адказалі яму.

РР: То яны беларусаў дурнямі лічылі?

Іван Базарэўскі: Праз гадзіну ізноў прыляцеў самалёт і скінуў доўгі мех з дакументамі. Ім загадалі зняцца і ісці. Адпачынак скончаны.

РР: Больш да вас у вёску не прыходзілі?

Іван Базарэўскі: Ну што вы! Днём мучаюць немцы, не ведаем, што рабіць. Паліцыянты ноччу ходзяць, каб хлеба хтосьці даў. А хто дасць хлеба, таго арыштоўвалі і забівалі. Партызаны з’явіліся у 1942 годзе, як зараз памятаю. Партызаны – гэта былі рускія вайскоўцы, якія не паспелі ўцячы. Першыя партызаны, якія прыйшлі, іх было тры чалавекі, сказалі бацьку, што ў яго ёсць польскія боты. І ён мусіць іх аддаць. А бацька іх закапаў. І кажа, што ў яго нічога няма. Тады яны яго паставілі ля печы і стрэлілі. У столю. Мы падумалі, што ўжо ўсё. А яны нічога не ўзялі і пайшлі.

Паводле Івана Базарэўскага, ужо ў 1942-м тэрыторыя іх мясцовасці была падзелена на 2 зоны. У адной стаялі партызаны, у другой –немцы. І пакрыўджаныя людзі перабягалі ад адных да другіх. З сям’і Базарэўскіх не загінуў ніхто.