Як падаюць звесткі пра каронавірус у Віцебску і ў Смаленску



У суседняй Расеі звесткі пра колькасць хворых куды больш адкрытыя ў параўнанні з Беларуссю. Журналістам паведамляюць не толькі лічбы, але і сацыялагічныя звесткі пра ўзрост, пол і месцы жыхарства ахвяраў COVID19.

У расейскіх гарадах, як і ў беларускіх, створаны рэгіянальныя аператыўныя штабы па супроцьстаянні эпідэміі каронавірусу. Віцебскіх журналістаў на пасяджэнні не запрашаюць, а звесткі пра колькасць хворых можна даведацца толькі з паведамленняў Міністэрства аховы здароўя. Звесткі далёка не поўныя: дадзеныя па рэгіёнах дык і ўвогуле разыходзяцца паводле розных крыніц інфармацыі. Жыхароў Смаленшчыны інфармуюць інакш: усе інфармацыйныя рэсурсы рэгіёна штодня паведамляюць і агульную колькасць хворых на каронавірус ( 189 чалавек) , і колькі такіх выпадкаў дабавілася за суткі: на 20-га красавіка іх стала болей на 16. Інтэрнэт-газета “Рабочий путь” штодня падае падрабязную инфармацыю па кожным раёне – з улікам новых выпадкаў, канстатуючы, што іх колькасць расце. Паводле рэсурса “Быстрые новости Смоленска”, каронавірусную інфекцыю зафіксавалі ў 8-мі раёнах і 2-х гарадах Смаленскай вобласці. Чытачы могуць даведацца пра сацыяльны статус , пол і ўзрост хворых – гэтыя дадзеныя сістэматызаваны ў лічбах. З гэтых звестак вынікае, што 13 хворых – гэта медыкі, 53- пенсіянеры. Прычым ні СМІ, ні чыноўнікі не дазваляюць сабе рэмарак пра “букет хваробаў” ці вагу пацыентаў, тым больш – ахвяраў каронавірусу.

Нагадаем, Расея закрыла мяжу з Беларуссю, якая пралягае ў тым ліку паміж Смаленскай і Віцебскай вобласцю. У параўнанні са Смаленшчынай, на Віцебшчыне хворых на каронавірус болей  амаль у 8 разоў: 1504 чалавекі  паводле дадзеных на 20-га красавіка.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск