Як пастаўчане намагаліся сустрэчы з кіраўніком раёна



Пастаўскі актыў пратэстнага руху 17 жніўня прыйшоў да будынка райвыканкама, каб убачыць кіраўніка раёна Сяргея Чэпіка і запрасіць яго на агульны мітынг з мэтай высунуць свае патрабаванні і прапановы. Нязгодныя з вынікамі выбараў ужо каторы дзень запар намагаюцца сустрэцца са старшынём райвыканкама, але пакуль, паводле людзей, яны ніяк не могуць яго ўбачыць.

Да іх толькі час ад часу падыходзіла прыбіральшчыца з райвыканкама і абражала людзей. Казала, што яны беспрацоўныя дармаеды, якім заплацілі за тое, каб яны хадзілі на акцыі.

Паводле пратэстоўцаў, калі з імі так і не наважыцца паразмаўляць кіраўнік раёна, яны гатовыя ўжо да таго, каб зладзіць на плошчы своеасаблівы «майдан»- намётавы гарадок.

Кажа грамадская актывістка з Пастаўшчыны Ганна Федаронак:

– Столькі было ў мяне негатыву ад людзей. Шматлікія не разумелі, большасць баялася. Я ішла па вуліцы, некаторыя мае сябры пераходзілі на іншы бок вуліцы, каб не скампраметаваць сябе, размаўляючы са мной. Вы не ўяўляеце, колькі я праплакала. Таксама і родныя не ўсе добра гэта ўспрымалі. На нявызначаны прамежак часу я засталася без сяброў, сябровак, без нікога, сам-насам. Але пасля ў мяне з’явілася шмат сяброў.

Юры Дзіковіч, пастаўскі актывіст:

– Мы старшыні райвыканкама пакідалі запрашэнне ў вольнай форме, каб ён прыйшоў на акцыю. Да нас дайшоў адказ, што наша запрашэнне не ва ўстаноўленай форме. Напышліва яшчэ трымаецца.

РР: З людзьмі не хоча размаўляць?

– Не хоча камунікаваць ніякім чынам.

У Паставах, як і ў іншых гарадах, таксама ладзяцца масавыя акцыі пратэсту. Там у нядзелю 16 жніўня на мітынг прыйшло каля 2000 чалавек. Прыкладна такая ж колькасць была ў нядзелю і ў Глыбокім. Гэтыя гарада амаль аднолькавыя па колькасці насельніцтва.

Пратэстоўцы ў гэтых гарадах выказваюць сваё абурэнне тым, што ў іх скралі іх галасы падчас выбараў, што ім надакучыла хлусня, гвалт і прыніжэнне, якое існавала ў Беларусі. Усе яны патрабуюць адстаўкі Лукашэнкі.

Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:

Р.S.: Пасля падрыхтоўкі матэрыяла, нам паведамілі пастаўчане, што, як з’ехалі журналісты, праз некаторы час кіраўнік раёна Сяргей Чэпік паабяцаў пратэстоўцам, што сустрэнецца з імі сёння, 17 жніўня, увечары на плошчы а 18.00.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя