Як паступіць у ВНУ Польшчы?
Як паступіць у Польшчу? Што матывуе студэнтаў пераязджаць у краіну-суседку? Якія моманты варта ўлічваць пры зборы дакументаў? Дзе прымяняюцца атрыманыя спецыяльнасці?
На гэтыя ды іншыя пытанні дала адказ „Госць Рацыі” беларуска Яна Чайко.
РР: Чаму вы вырашылі паступаць у Польшчу?
– Усё пачалося ў трэцім класе. Мае бацькі вырашылі аддаць мяне на заняткі па польскай мове. Я нават не памятаю, калі з’явілася думка паступаць у Польшчу, бо гэта было як нешта зразумелае, што я вывучаю польскую мову і ў будучыні буду паступаць у Польшчу. Быў перыяд, калі сябры ўжо вучыліся ў Менску, у Гародні. Тады я ўжо падумала, а навошта мне ехаць у Польшчу. Потым паглядзела на бацькоў, што іх сяброўства з тымі, хто жыве за мяжой надалей трывае. Я падумала, чаму б не. Неяк так паступіла ў Польшчу. Так да гэтага прыйшла.
РР: Як абіралі ўніверсітэт і спецыяльнасць?
– Вучыцца я вырашыла на спецыяльнасці журналістыка і больш такое вузкае – гэта public relations, PR і Media Marketing. Я хацела вучыцца ва Вроцлаве ці Познані. Я вучылася на зэруўцы, мяне адправілі на зэруўку ў Варшаву. Пасля зэруўкі зразумела прэстыж Варшаўскага ўніверсітэту, падумала, што гэта вельмі добры выбар і засталася там.
РР: Ці шмат з вамі вучыцца беларусаў?
– У маёй групе палова – гэта расейскамоўныя. Хіба 1/4 – гэта беларусы, чалавек 10-15. Па-першае, гэта нізкі ўзровень беларускай адукацыі, гэта ўжо не трэба каментаваць. Па-другое, Варшаўскі ўніверсітэт універсітэт з’яўляецца найлепшым у Польшчы. Калі пытаюся ў знаёмых, якія цяпер плануюць паступаць, то гэта ці Ягелонскі ў Кракаве ці варшаўскі ў Варшаве. Два найлепшыя, таму ўсе туды.
РР: Як выглядаў працэс падачы дакументаў?
– Дарэчы цяпер я дапамагаю сваёй сяброўцы, якая ў гэтым годзе паступіла ў Польшчу. Па-першае, для тых, хто збіраецца паступаць непасрэдна ва ўніверсітэт, то трэба прайсці медычную камісію ў Беларусі. Трэба выпіска адзнак са школы. Потым трэба выбраць сабе ўніверсітэт, зарэгістравацца ў інтэрнэце. На сайтах вузаў гэта паўсюдна ёсць. Трэба зрабіць пераклад усіх беларускіх дакументаў, іх спіс знаходзіцца на сайце. Пасля падаваць дакументы праз сайт. Як я ўжо казала – гэта медычная даведка, атэстат, некаторыя таксама дадаюць свае сертыфікаты з ЦТ. Звычайна патрэбная нейкая характарыстыка з месца вучобы ці з касцёла, калі хто ходзіць. Хіба з асноўных усё, калі ў каго ёсць Карта паляка. Візу таксама просяць, пасведчанне аб нараджэнні. Просяць таксама сертыфікат ведання польскай мовы. Калі яго няма, то тады ўжо ўніверсітэт вырашае ці нейкі экзамен будзе, ці яшчэ нешта. Гэта ўжо залежыць ад універсітэту.
Ці былі ў вас складанасці з атрыманнем візы ў перыяд каронавіруса?
– Насамрэч праблема з атрыманнем візы была. Візавы цэнтр у маім горадзе не працаваў, консульства таксама не працавала і візы не давалі. Калі ўжо былі першыя паслабленні каранціну і гэтага ўсяго, то я напісала мэйл консулу. Напісала, што я студэнтка, што мне патрэбна выехаць у Польшчу, ёсць Карта паляка, як і калі магу падаць дакументы на візу. Консул мне адказаў, што я ўжо магу на наступны дзень прыехаць у консульства і падаць дакументы. Была спасылка на пералік дакументаў на сайце консульства. Было пазначана, што нельга змяняць тэрмін падачы візы. Калі я ўжо прыехала ў консульства, то мы падавалі дакументы не ў самім памяшканні, а на вуліцы. Перад уваходам у консульства былі такія будкі для аховы, вось там былі працаўнікі консульства, яны прымалі там дакументы. Уся праца консульства з тымі, хто хацеў наведаць консульства, была вызначана ў адну гадзіну. У гэту гадзіну падавалі дакументы на візу, забіралі візы. Падавалі дакументы людзі, якім неабходны было змяніць Карту паляка. Гэта было перад выбарамі ў Польшчы, там былі людзі, якія хацелі галасаваць. Так была наладжана праца ў консульстве.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Яна Чайко таксама звярнула ўвагу на тое, што па прычыне каронавірусу яе вакацыі ў Беларусі зацягнуліся. Але яна спадзяецца, што з кастрычніка ўжо атрымаецца вярнуцца на вучобу.
Беларускае Радыё Рацыя