Як пратэставала Гародня 160 гадоў таму
160 гадоў таму ў Гародні ў жніўні адбылася значная палітычная маніфестацыя. Сучасны гарадзенскі гісторык Аляксандр Радзюк так характарызуе падзеі таго часу:
Царскія ўлады імкнуліся рознымі сродкамі здушыць рух супраціву гарадзенцаў. Пастаянна выходзілі прадпісанні забараніць нешта, напрыклад, выкананне рэлігійна-патрыятычных гімнаў. Аднак эфект ад забаронаў быў цалкам супрацьлеглым таму, на які яны былі разлічаныя. Гарадзенскі губернатар Шпеер паведамляў віленскаму генерал-губернатару: «Я папярэджваў служачых, папярэджваў ксяндзоў… У касцёле спевы не толькі не зменшыліся, але, наадварот, павялічыліся».
Зразумеўшы, што прадпісаннямі і забаронаю на сітуацыю не паўплываць, адміністрацыя перайшла да больш радыкальных крокаў: звальнялі чыноўнікаў, якія найбольш актыўна бралі ўдзел у пратэстах, высылалі актыўных асобаў у аддаленыя губерні Расейскай імперыі.
Акцыі гарадзенцаў ды іншыя праявы грамадскага непадпарадкавання прывялі гарадзенскія губернскія ўлады ў роспач. Яны не ведалі, што рабіць з непакорлівымі гараджанамі, і звярнуліся да царскіх уладаў. На пачатку жніўня яны перайшлі ў контрнаступленне, план якога быў распрацаваны ў Санкт-Пецярбурзе і прадугледжваў цэлы комплекс рэпрэсіяў у дачыненні ўдзельнікаў пратэстаў: штрафы, арышты, стварэнне адмысловых паліцэйскіх судоў, выкарыстанне войска ды іншае.
Для ўзмацнення адміністрацыйнага рэсурсу ў Гародні памянялі гарадзенскага губернатара: у верасні замест Івана Шпеера паставілі губернатарам дзейнага генерал-маёра, камандуючага войскамі Аляксандра Дранякіна, чалавека з рэпутацыяй жорсткага, бязлітаснага выканаўцы, вядомага тым, што патапіў у крыві сялянскія выступы ў Пензенскай губерні. Гарадзенцы ж зладзілі «ўрачыстыя праводзіны» старога губернатара Шпеера, які фактычна быў змушаны ўцякаць з Гародні: на выездзе з гораду ягоную карэту закідалі пяском і абсвісталі.
Асноўнаю формаю пратэсту гарадзенцаў у 1861 годзе былі спевы забароненых уладамі рэлігійна-патрыятычных гімнаў. У асноўным гэта адбывалася ў касцёлах: у святынях забароненыя песні выконваліся на матыў штодзённых малітваў. Месцам выканання сталі таксама прыватныя кватэры, вуліцы ды нават могілкі (у 2020 годзе актыўна спяваліся беларускія песні ў гандлёвых цэнтрах і на вуліцах).
Найбольш масавая і рэзанансная акцыя адбылася ў Гародні 14 жніўня 1861 года ў адказ на ўзмацненне рэпрэсіяў: гарадзенцы планавалі шматтысячны марш ад Фарнага касцёлу ў Ружанасток (Царства Польскае).
Гэта выклікала сапраўдны перапалох мясцовых уладаў. Губернатар Шпеер асабіста і праз паліцыю неаднаразова папярэджваў пробашча Фарнага касцёлу Юльяна Маеўскага пра недапушчэнне працэсіі. Той ігнараваў папярэджанні. Тады губернатар пастанавіў дзейнічаць на апярэджанне: загадаў зачыніць Фарны касцёл. У адказ на гэта ў святыні пачалося ўсяночнае набажэнства. Губернатар у тэлеграме віленскаму генерал-губернатару Назімаву фактычна прызнаў уласную няздольнасць даць рады і быў гатовы ўжыць вайсковую сілу супраць пратэстоўцаў.
З Вільні прыйшло прадпісанне: развесці мост на Нёмне, каб не даць людзям прайсці, ачапіць войскамі цэнтральную Саборную (цяперашнюю Савецкую) плошчу і навакольныя вуліцы, арыштоўваць найбольш дзёрзкіх.
У другой палове дня працэсія з некалькіх соцень чалавек пакінула касцёл і апынулася аточаная з усіх бакоў узброенымі вайскоўцамі. Сітуацыя абвастрылася, губернатар бегаў па плошчы, але на развіццё падзеяў ужо не мог уплываць. Толькі дзякуючы вытрымцы ксяндза Маеўскага і камандуючага войскамі не дайшло да сутыкненняў ды кровапраліцця. Пратэстоўцы прайшліся некалькі разоў па ачэпленай плошчы, праспявалі гімны, і на гэтым усё скончылася.
У пратэстах бралі ўдзел не толькі каталіцкія, але і праваслаўныя святыні. Напрыклад, улетку 1861 года гарадзенцы збіраліся каля сценаў Каложскай царквы, каб скласці ўрачыстую прысягу. Праваслаўныя вернікі таксама далучаліся да пратэстаў.
Гэтая маніфестацыя зрабілася адною з прычынаў увядзення 22 жніўня ваеннага становішча ў Беластоку і Гародні. На дапамогу паліцыі прыйшлі вайскоўцы, уводзілася крымінальная адказнасць цывільных асобаў паводле законаў ваеннага часу. Аднак гарадзенцы працягвалі праяўляць крэатыўнасць.
Так, у адказ на забарону выходзіць з дому пасля 21:00 без ліхтара гараджане пачалі ладзіць гульні з ліхтарамі на плошчы. У адказ на ўвядзенне вайсковага пастою гарадзенцы пачалі масава пісаць калектыўныя скаргі ў Сенат.
Звальненні і высылкі выклікалі акцыі салідарнасці з пакаранымі пратэстоўцамі. Адна з найбольш масавых акцыяў адбылася ў ваколіцах Гародні. Паводле розных звестак, у ёй узялі ўдзел ад 300 да 1000 чалавек. Акцыя была звязаная з высылкаю ў Тамбоўскую губерню афіцэра Пскоўскага пяхотнага палка Вольскага за актыўны ўдзел у адной з маніфестацыяў у Беластоку. Гарадзенцы крычалі «Ура!», «Няхай жыве Вольскі!», падкідвалі ў паветра капелюшы, а таксама падтрымалі ссыльнага грашыма.
Збор грошай, стварэнне грамадскіх касаў узаемадапамогі былі галаўным болем царскіх уладаў, супраць якога яны так і не знайшлі сродкаў. Такою дапамогаю займаліся пераважна жанчыны. Частка сабраных грошай ішла на падтрыманне ахвяр рэпрэсіяў, частка пайшла на патрэбы будучага паўстання.
Улетку 1861 года адбылося маштабнае пікетаванне палацу губернатара з патрабаваннем вызваліць арыштаванага напярэдадні актыўнага завадатара антыўрадавага руху, чыноўніка губернскага кіравання Віктара Лебеля. У Фарным касцёле падчас выканання забароненых гімнаў ён пагразіў пальцам аднаму з паліцэйскіх прыставаў, які імкнуўся зафіксаваць усіх, хто спяваў. За гэта быў арыштаваны. Дэманстрацыя каля палацу так напалохала губернатара, што ён выклікаў дзве роты ўнутранай варты, і толькі ўмяшанне конных жандараў прымусіла гараджанаў разысціся.
Увосень 1861 года на авансцэну выходзіць вучнёўская моладзь. Пратэсты перакідваюцца ў гарадзенскую гімназію. Гімназісты ладзяць «кашачыя канцэрты»: не даюць праводзіць заняткаў шумам і свістам.
1861 год – час, калі ў Гародні ўпершыню з’яўляецца нелегальная літаратура. Былі газеты, адрасаваныя расейскай арміі, з заклікам падтрымаць у гэтай барацьбе беларусаў, палякаў і літоўцаў. Былі звароты да мясцовага насельніцтва: «Гутарка старога дзеда», «Гутарка двух суседзяў». У 1863 годзе, калі сюды прыязджае Каліноўскі, у Беластоку пачынаюць выдаваць «Мужыцкую праўду».
Пратэставы рух у канцы 1861 года згас і прыняў новыя формы рыхтоўлі да ўзброенай барацьбы, каб праз два гады выбухнула паўстанне Каліноўскага. Адною з прычынаў таго, што царскім уладам так доўга не ўдавалася перамагчы беларусаў, была згуртаванасць і крэатыўнасць апошніх. Беларусы дэманстравалі сапраўдную еднасць і выступалі як адзінае «мы», былі гатовыя бараніць сваіх і дапамагаць ахвярам рэпрэсіяў.
Паводле артыкулу Сашы Праўдзінай, Белсат