Як працуе прафсаюз РЭП пасля ператрусу?



Адзін з лідараў прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч адзначае, што праца арганізацыі “фактычна паралізавана”.

Нагадаем, што на гэтым тыдні прайшоў ператрус у офісе прафсаюза РЭП. Былі канфіскаваныя тэхніка, дакументы і нават… вуды.

Генадзь Фядыніч: Праца паралізавана, таму што ў офісе не засталося ніводнага камп’ютара – ні стацыянарнага, ні ноўтбука. Немагчыма нават простую заяву надрукаваць ці раздрукаваць яе.

Сілавікоў цікавіла фінансаванне “масавых беспарадкаў”, таму забралі ўсё, што толькі можна было забраць. Набралі цэлы бус макулатуры, нейкія паперкі дзесяцігадовай даўніны. Забралі фотаздымкі сябраў прафсаюза на прафсаюзныя білеты, агітацыйныя матэрыялы і нават вуды, на якія мы чаплялі сцягі прафсаюза РЭП і хадзілі з імі на санкцыянаваныя мітынгі. Вынеслі ўсю гукаўзмацняльную апаратуру.

“Пры дапамозе гэтай апаратуры вы маглі ажыццяўляць камунікацыі з грамадствам”, – сказалі сілавікі.  “Дык а як інакш? Мы ж прафсаюз, дзеля таго і існуем, каб камунікаваць з грамадствам.

РР: Як будзеце працаваць?

Генадзь Фядыніч: Ідзе ціск на ўсе грамадскія структуры, якія не з’яўляюцца дзяржаўнымі, пад яго і мы патрапілі. Але выжывем, натуральна, за гісторыю існавання прафсаюза гэта не першы раз, калі спрабуюць паралізаваць нашу працу. Сітуацыя не новая.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя