Як працуе прафсаюз РЭП з новым кіраўніком?



Былы старшыня прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч распавёў, што змянілася ў працы іх арганізацыі пасля судовага выраку.

Нагадаем, што ў жніўні мінулага году лідары прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч і Ігар Комлік былі прызнаныя вінаватымі па ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (ухіленне ад выплаты падаткаў у буйным памеры).

Суд Савецкага раёна асудзіў кіраўнікоў прафсаюза РЭП на 4 гады абмежавання волі без накіравання ў установы адкрытага тыпу. Пры гэтым Фядынічу і Комліку забаронена займаць кіруючыя пасады тэрмінам на 5 год. Менскі гарадскі суд пакінуў рашэнне раённага ў сіле.

22 лістапада на пашыраным пасяджэнні Савета прафсаюза РЭП новым кіраўніком арганізацыі абралі Зінаіду Міхнюк, а Генадзь Фядыніч заняў у прфасаюзе пасаду саветніка-кансультанта.

Генадзь Фядыніч: На шчасце, сістэма працы прафсаюза ўжо даўно пабудавана такім чынам, што мой сыход з пасады ні на што не паўплываў. Рэгулярна праходзяць пасяджэнні і юрыстаў, і кіруючых органаў, і ў рэгіёнах людзі звыкла працуюць. Да таго ж, і я нікуды не сыходзіў з прафсаюза.

Магчыма, улады разлічвалі, што пасля суда мы будзем дыскрэдытаваны, але атрымалася наадварот – звяртаецца столькі людзей, што ледзь паспяваем іх кансультаваць і дапамагаць. Прыязджаюць з рэгіёнаў, у нас зараз у літаральным сэнсе гарачая пара. Бо кожнага трэба выслухаць і дапамагчы.

РР: Ці шмат звяртаецца “дармаедаў”, якія лічаць што іх несправядліва ўключылі ў гэты спіс?

Генадзь Фядыніч: Пакуль не вельмі шмат, і я крыху здзіўлены гэтым фактам. Магчыма, чакаюць восені, калі для незанятых у эканоміцы тарыфы на “камуналку” ў разы вырастуць. Але тым, хто прыходзіць да нас, аказваем юрыдычную дапамогу.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя