Як расонскія чыноўнікі расстралялі Яна Баршчэўскага
Піша гісторык і этнограф Уладзімір Лобач.
Нават не ўзгадаю, колькі разоў перачытваў „Шляхціца Завальню”, але штораз атрымліваў шчырую асалоду ад літаратурных шатаў, у якія Ян Баршчэўскі ўвабраў тонкія і гарманічныя ўзаемаадносіны паміж Чалавекам і Бацькаўшчынай. Міфы, легенды, паданні Паўночнай Беларусі, затканыя ў мастацкае палатно, вабяць і клічуць дагэтуль, як ліхтар на сядзібе Завальні, што даваў надзею падарожным людзям знайсці свой бераг на зімніках суворай Нешчарды.
Для цяперашняй Расоншчыны, калі адкінуць партызанскі пафасімя Машэрава, пісьменнік і паэт Ян Баршчэўскі ёсць першай знакавай асобай краю, бо так уславіць родны кут у мяккім сутонні паміж рэальнасьцю і міфам не змог ні адзін з ягоных землякоў…
Пра тое, што помнікі Яну Баршчэўскаму ўжо даўна мусяць стаяць як у Полацку, так і ў Расонах, шмат пісаць не буду. Бо на сёння мяне ўразіла і агаломшыла стаўленне расонскіх чыноўнікаў да аўтара незабыўнага «Шляхціца Завальні». У рускамоўным турыстычным буклеце «Дорогами легенд», які быў выдадзены аддзелам спорту і турызму Расонскага райвыканкама, наведнікам раёну прапанаваны турыстычны маршрут, дзе адным з пунктаў — вёска Мурагі. Калісьці невялічкі фальварак на беразе Нешчарды, дзе ў 1794 годзе нарадзіўся Ян Баршчэўскі.
Але ў тым буклеце чорным па белым напісана: „д. Мураги — место расстрела Яна Борщевского”.
Насамрэч пісьменнік памёр ад сухотаў у 1851 г. у Чуднаве на Валыні. І неістотна, што цяпер Google дазваляе не выстаўляць сваю тупасць і непісьменнасць напаказ.