Як распальваюцца антыпольскія і антысеміцкія настроі ва Украіне



У Чарнігаве выкрыта злачынная групоўка, якая па замове расейскіх спецслужб займалася антыпольскімі і антысеміцкімі правакацыямі ва Украіне. Пра гэта паведамляе прэс-цэнтр СБУ.

Згодна афіцыйнаму паведамленню Службы Бяспекі Украіны, арганізаваная злачынная групоўка дзейнічала даволі даўно і вельмі плённа, прытым усе правакацыі рабіліся па замове спецслужбаў Расейскай Федэрацыі. Так, напрыклад, у ноч з 25 на 26 снежня ў вёсцы Мельнікі Шацкага раёна, што на Валыні, злачынцы разбурылі крыж на магіле польскіх памежнікаў, якія загінулі ў верасні 1939 года ў баях з Чырвонай арміяй. Таксама затрыманым інкрымінуюцца антысеміцкія надпісы на будынку габрэйскай грамады ў Сумах.

Усё гэта, паводле ўкраінскіх спецслужбоўцаў, наносіла вялікую шкоду міжнароднаму іміджу Украіны.

Падчас ператрусу ў кватэрах, дзе жылі фігуранты, знойдзены тратылавыя шашкі і гранаты РГД-5, а таксама расейская імперская сімволіка.

Супраць затрыманых распачатыя крымінальныя справы адразу па трох артыкулах Крымінальнага кодэксу Украіны, прытым найцяжэйшае абвінавачванне – у дзяржаўнай здрадзе – прадбачвае турэмны тэрмін ад 10 да 15 гадоў.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: прэс-цэнтр СБ Украіны