“Як пачаць размаўляць па-беларуску”



Гомельская філія Таварыства беларускай мовы выпусціла дапаможнік для беларускамоўных, дзе распавядаецца, як паводзіць сябе ў канфліктных сітуацыях. Метадычка выйшла пад назвай “Як пачаць размаўляць па-беларуску”. У дапаможніку можна знайсці парады, як пашырыць слоўнікавы запас. Альбо як размаўляць па-беларуску з незнаёмымі людзьмі. Сябра ТБМ Яўген Якавенка распавёў, што дапаможнік – гэта вынік сустрэч гуртка “Лямантар”.

– Дапаможнік для людзей, якія хочуць навучыцца ўжываць беларускую мову па-за межамі тусоўкі. Як рэагаваць на канкрэтныя фразы, якія ёсць стэрэатыпы, што мы чуем на вуліцах рэгулярна: «Ці вы настаўнік? Ці вы з вёскі прыехалі? Ці вы БНФ-авец?» Для беларускамоўных гэта не дзіва: яны сутыкаюцца з гэтым практычна штодня. І кожны мае нейкія напрацовачкі, як на гэта рэагаваць. І мы вырашылі гэтым падзяліцца, каб узброіць людзей, каб яны былі гатовыя да падобных сітуацый.

Дапаможнік “Як пачаць размаўляць па-беларуску” знаходзіцца ў адкрытым дасягу на старонцы суполкі “Цэнтр беларускай мовы”.

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель