Як рэфармаваць судовую сістэму абмяркоўвалі ў Гародні
Як рэфармаваць судовую сістэму абмяркоўвалі ў Гародні жыхары з дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Ганнай Канапацкай. Разам з дэпутатам падтрымліваюць ініцыятыву прадстаўнікі Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі, прадстаўнікі Руху „328”.
На сустрэчы Ганна Канапацкая заўважыла, што далучыцца да акцыі па рэфармаванні судовай сістэмы яе падштурхнула ўсведамленне, што моладзь, якая мае вялікія тэрміны зняволення паводле артыкула 328 (незаконны абарот наркатычных рэчываў) – гэта страчанае для краіны пакаленне.
– Маладыя людзі 16-20 гадоў у поўным росквіце сіл дзесяць-пятнаццаць гадоў будуць сядзець у нечалавечых умовах. У іх не будзе адукацыі. Яны згубяць здароўе. Яны выйдуць, на жаль, хворымі людзьмі. І гэта праблема закране ўсё грамадства. І гэта не адзін чалавек, не дзесяць, і нават не тысяча. Гэта дзясяткі тысяч людзей!
Кампанія за судовую рэформу ў Беларусі распачалася Беларускімі хрысціянскімі дэмакратамі ў пачатку гэтага года. Актывісты выкарыстоўваюць рэгіянальны рэсурс людзей.
Бо найбольш прагнуць змяніць судовую сістэму сваякі тых, хто быў несправядліва альбо занадта жорстка пакараны па крымінальным артыкуле 328. Кажа Віталь Рымашэйскі:
– Ад несправядлівай судовай і міліцэйскай сістэмы пакутуюць у Беларусі ўсе, хто з ёю сутыкнуўся. Было праведзена некалькі кольных сталоў у Менску, у тым ліку з прадстаўнікамі міністэрстваў, дзякуючы дапамозе Ганны Канапацкай. Наступнаму этапу кампаніі даем старт у рэгіёнах, падрыхтавалі змены ў адпаведныя законы. І пачынаем збор подпісаў пад гэтымі зменамі. Задача вынесці на вясновую сесію Палаты прадстаўнікоў змены як мінімум у артыкул Крымінальнага кодэкса 328.
Ініцыятары акцыі па зборы подпісаў за рэформу судовай сістэмы заклікаюць падтрымаць іх працу ўсіх беларускіх грамадзянаў.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
Фота аўтара