Як шукалі камень на магілу Барадуліна
Помнік на магілу Рыгора Барадуліна даставілі з дапамогай верталёта Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. Выратавальнікі ўсталявалі валун з Вушаччыны вагой у 2,5 тон прама ў цэнтры вясковых могілак.
Фота Глеба Лабадзенкі
Які помнік хацеў бачыць на сваёй магіле паэт? Як праводзіліся пошукі патрэбнага камня? Хто дапамагаў усталёўваць помнік?
На гэтыя пытанні адказвае блогер і адзін з ініцыятараў усталявання помніка Глеб Лабадзенка ў размове з Міколам Бянько.
РР: Можаце распавесці слухачам Беларускага Радыё Рацыя, як мусіць выглядаць помнік на магіле Рыгора Барадуліна?
Глеб Лабадзенка: Яшчэ ў 1995 годзе дзядзька Рыгор напісаў верш, дзе ёсць такія радкі: “Калі я адыйду, пастаўце мне сівы валун і крыж на валуне”. Крыху пазней, калі даследнік Сяргей Шапран рыхтаваў кнігу гутарак з Брадуліным, якая даўно выйшла і мае назву “Тры мяхі дзядзькі Рыгора”, ён задаў яму пытанне: “Гэта проста метафара, ці вы хочаце, каб сапраўды на Вашай магіле быў валун?” І ў Сяргея на дыктафоне захаваўся адказ (гэта ёсць і ў кнізе), дзе Барадуін гаворыць, што не хоча ніякіх пафасных помнікаў, бо гэта савецкая завядзёнка, “пастаўце мне просты вушацкі валун, і каб на ім быў крыж”.
РР: Фактычна, Вы выконваеце апошняе пажаданне паэта?
Глеб Лабадзенка: Зразумела, што такому чалавеку, як Рыгор Барадулін, трэба ставіць нейкі адметны помнік. І ён мусіць быць не шэраговым. І, натуральна, што многія скульптары мелі нейкія ідэі. Але дзядзька Рыгор быў вельмі просты і сціплы чадлавек. Ён вельмі дакладна сказаў у інтэрв’ю пра сваё жаданне.
РР: Гісторыю пошуку валуна можаце распавесці?
Глеб Лабадзенка: Мы тры разы ездзілі на Вушаччыну, каб знайсці патрэбы валун. Ля вёскі Бікульнічы ёсць такі паўвостраў, дзе ляжыць шмат валуноў. Мы знайшлі цікавыя валуны, але скульптар сказаў, што яны ўсе занадта светлыя, і што яны па структуры такія, што будуць калоцца. Падказка прыйшла ад сястры Васіля Быкава – Валянціны Уладіміраўны. Яна сказала, што ў той вёсцы, куды хадзіў Быкаў у школу, а гэта вёска Кублічы, ляжаць валуны. Мы паехалі туды, і скульптар адразу сказаў, што мы тут нешта выберам, бо яны цёмныя, амаль што чорныя. Скульптар Ігар Засімовіч сказаў, што на іх будзе выдатна глядзецца і тэкст, і крыж.
У 1971 годзе не стала мамы Рыгора Барадуліна – Акуліны Андрэеўны, яе пахавалі на Бутаўскіх могілках ва Ушачах, дзе паэт паставіў ёй помнік, на якім напісаў :”Мама Акуліна Андрэеўна Барадуліна”. І побач пакінуў месца сабе. Гэты помнік захаваўся, гэтая магіла, дарэчы, з беларускім арнаментам, захавалася. У 1971 годзе Барадулін паставіў тамака агароджу. І ўсё гэта зараз чысціцца, фарбуецца, для таго, каб гэта ўсё захоўвалася і далей.
РР: Якія тэхнічныя складанасці былі падчас усталявання валуна?
Глеб Лабадзенка: Канешне, былі і перашкоды, бо магіла знаходзіцца ў самым цэнтры могілак, ніякая тэхніка туды дабрацца не можа. У дадатак там яшчэ растуць дрэвы. Каласальную дапамогу аказаў Вушацкі райвыканкам. Яны вылучылі самазвал, кран, прывезлі з Кублічаў валун. Выдзелілі пляцоўку для працы скульптара і ўсяляк спрыялі працы Ігара Засімовіча. Залілі падмурак для помніка. Паколькі тэхніку немагчыма было падагнаць, то была праведзена фантастычная аперацыя: 25 чалавек з раніцы да вечара ад краю могілак вёдрамі перанеслі 800 вёдзер цэмента для таго, каб заліць гэты помнік! Другую дапамогу мы сустрэлі ад Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. Было падрыхтавана два звароты да Міністэрства – адзін ад Саюза пісьменнікаў, а другі – ад Вушацкага райвыканкама, бо ніякі пад’ёмны кран у цэнтры могідак не дастае. Нам падказалі, што МНС можа падняць валун на верталёце і перанесці яго.
Я хачу адзначыць, што вельмі чалавечае стаўленне мы сустрэлі з боку авіацыі МНС. Не давялося ні спілоўваць дрэвы на могілках, ні расчышчаць нешта.
Фота Глеба Лабадзенкі
[youtube id=”3EcPjBOAWS0″]
Відэа tut.by
Мікола Бянько, Беларускае Радыё Рацыя