Як сплаціць 4 тысячы рублёў штрафу?
Віцебская блогерка і актывістка Алена Янушкоўская, 5 разоў аштрафаваная за ўдзел у акцыях супраць «паглыбленай інтэграцыі» на агульную суму 3 915 рублёў, не мае такіх грошай. Таму звярнулася да неабыякавых людзей, каб яны дапамаглі ёй сабраць неабходную суму. У іншым выпадку аплаціць штрафы яна проста не здолее:
– Калі супольнасць не дапаможа, то не буду. Калі дапаможа – значыць, буду. Не дапаможа супольнасць – ну што ж зробіш. Штрафаў я не баюся, бо я сапраўдная апазіцыянерка – у мяне нічога няма, апрача маіх дзяцей і ўнукаў. Што яны могуць у мяне забраць? Тую мэблю, якую я брала ў групах «Дару»? Што яны зробяць?
У звароце землякоў Алена Янушкоўская распавядае пра сябе няшмат – пра тое, што выхавала шасцёра дзяцей, з якіх пяцёра прыёмных, што яна бабуля пяцярых унукаў. І што ў сваім блогу «Сапраўдная Беларусь» аднойчы запрасіла Аляксандру Лукашэнку наведаць вёску, дзе яна жыве – каб паглядзеў, як цяжка жывецца простым людзям. Той, вядома, не прыехаў…
Актывістка і блогерка брала ўдзел у 5-ці акцыях пратэсту ў Менску і Віцебску. Таму нагадвае, што не толькі яна аказалася ў складаным фінансавым становішчы праз накладзеныя судамі штрафы. І просіць падтрымаць усіх, для каго зараз вядзецца збор грошай.
Што да самой Алены Янушкоўскай, то сума штрафаў для яе не канчатковая: 18-га лютага яе будуць судзіць за заклікі на акцыю ў падтрымку незалежнасці, якая прайшла 29-га снежня мінулага году ў Віцебску.
Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя