Як спыніць шкодную вытворчасць у Берасці?
Запуск акумулятарнага заводу – гэта эксперымент над здароўем берасцейцаў ды іх бяспекай. У гэтым перакананы берасцейскі юрыст Раман Кісляк.
Паводле эксперта ў галіне права, расейскія эксперты павінны выбачыцца за сваю прапанову прывесці ў працу выраб АКБ:
– Людзі абурыліся тым, што гэты супрацоўнік, лекар з Санкт-Пецярбурга прапануе спачатку запусціць завод, паставіць эксперыменты над намі, над людзьмі. Яны вельмі абураныя і з гэтай нагоды напісалі зварот у Генеральнае консульства Расейскай Федэрацыі. Патрабуюць спыніць умяшальніцтва ва ўнутраныя справы ў наш унутраны канфлікт. Дадзены зварот быў занесены ў Генеральнае консульства.
Прадстаўнікі заводу „АйПауэр” разам з расейскімі экспертамі прапануюць запусціць завод. Гэта неабходна для таго, каб зразумець, наколькі вытворчасць атрымаецца шкоднай.
Неабходна павялічваць колькасць людзей для адстойвання сваіх правоў на экалогію. У гэтым перакананы берасцейскі праваабаронца Уладзіміра Вялічкін. Калі на плошчы штотыдня будзе збірацца некалькі соцень чалавек, што выступаюць супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу, то ўлады хутчэй да іх прыслухаюцца:
– Калі ёсць нейкая складаная сітуацыя з заводам, нейкія сумневы наконт таго будзе ён ці не будзе працаваць, то гэта праблема вырашыцца толькі тады, калі будзе дынаміка росту пратэстуючых супраць заводу на плошчы. Хацелася б усё ж такі, каб лічба, якую мы бачым штонядзелю – 150 чалавек, яна ўсё ж такі павялічвалася.
„Супраць з’яўлення шкоднай вытворчасці фактычна ўвесь горад, і нам трэба гэта прадэманстраваць”, – падагульніў Уладзімір Вялічкін.
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце