Як стаць горадам, „прыязным” да людзей сталага веку?



На гэтае пытанне шукалі сумеснага адказу ў Гародні грамадскія актывісты Беларусі, якія займаюцца праграмамі развіцця для людзей, якія  адышлі ад актыўнага працоўнага жыцця, але шукаюць сябе ў іншых занятках.

Ганка Барадзіна, старшыня праўлення Цэнтра „Трэці Сэктар” расказала ўдзельнікам, што рыхтуецца адмысловы дапаможнік на роднай, беларускай мове, які дасць магчымасць вызначыць па крытэрах, ці „Прыязны ваш горад да людзей сталага веку”.

– Сталыя людзі кажуць, што ім не хапае дастатковай інфармацыі пра тое, што адбываецца ў горадзе. Яны не адчуваюць, што іх заахвочваюць працаваць, і на працы іх чакаюць. Што ёсць нейкія магчымасці, адаптаваныя пад іх няпоўны працоўны дзень, пад іх магчымасці. Ёсць вельмі добрая фраза, што выхад на пенсію – гэта права чалавека, а не абавязак. Можна паглыбляцца ў розныя сферы: і як наладжана справа ў транспарце, і ў інфармаванні, і ў стаўленні да сталых людзей у грамадстве.

Ідэя стварэння сеткі гарадоў, якія прыязна ставяцца да людзей паважнага веку, паўстала ад Сусветнай арганізацыі аховы здароўя ў 2005 годзе.  Яе падхапіў гарадзенскі Універсітэт Залатога веку і Студыя карысных кампетэнцыяў. Але, відаць, Гародня не будзе першым горадам, які далучыцца да гэтай сусветнай сеткі дабравольцаў з 500 гарадоў. Бо ініцыятыва грамадскіх арганізацый да гэтай пары не знайшла водгуку ў мясцовых уладаў. Свае думкі па выніках сустрэчы выказала Вольга Шышло, прадстаўніца менскага Універсітэта трэцяга ўзросту.

– Для мяне зразумела, што зменіцца нешта ў нашай краіне толькі тады, калі мы будзем працаваць усе разам. Не ўсё хутка робіцца, але з нечага трэба пачынаць. І добра, што ёсць зацікаўленасць у калегаў нешта рабіць. І гэтыя прапановы, якія сёння запісалі напрыканцы ў рэзалюцыю, думаю, будуць зробленыя. І першае, з чаго пачнецца, – гэта інфармацыйная работа са сталымі людзьмі. І мы ўжо пачалі са свайго боку гэта рабіць.  

Некаторыя тэмы асабліва яскрава акрэслілі праблемы людзей паважнага веку.  Такія, як: праблемы з маючымі дэменцыю, з хатнім гвалтам.

Выказвалася думка, пра неабходнасць стварэння агульнанацыянальнай асацыяцыі недзяржаўных установаў, якія працуюць з гэтай катэгорыяй беларускіх грамадзянаў.

[Not a valid template]

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота аўтара