Як ставяцца беларусы да абмежавання продажу алкаголю?



Да новай прапановы Міністэрства ўнутраных спраў па абмежаванні продажу алкаголю жыхары Бярозы ставяцца крытычна. Многія не вераць, што забарона продажу алкаголю з 22.00 да 9.00 зможа выправіць сітуацыю са злоўжываннем алкагольных напояў. На думку людзей, актывізуюцца кропкі продажу самагонкі і кантрафактнай гарэлкі. Мяняць трэба само жыццё, каб у людзей з’явілася зацікаўленасць ад вынікаў сваёй працы, кажуць людзі:

– Як пілі, так і будуць піць. Як ні абмяжоўвай. Свіння ўсюды гразь знойдзе.

– Калі абмяжуюць, то будуць шукаць у іншых месцах.

– У нас такія запаслівыя людзі, што ў іх, можа, і не адна скрыня стаіць дома. Хто хоча піць – той нап’ецца.

– А што гэта дасць? Тут няма чаго казаць пра гэтую водку. Хто не піў – той не п’е. І як без працы, то за мільён пойдзе працаваць, за які душу выядаюць. То ўжо лепш ён пойдзе і нап’ецца. Вось так сёння.

– У прынцыпе, станоўча. Добра было б абмежаваць продаж алкаголю.

Прадаўцы згодны, што станоўчы вынік можа быць, але пры гэтым у іх зменшацца заробкі. Праект указа аб абмежаванні продажу алкаголю ў рамках змагання з п’янствам паступіць у Савет Міністраў ужо 1 лістапада.

Беларускае Радыё Рацыя, Бяроза