«Як стварыць эфектыўныя працоўныя месцы»
«Як стварыць эфектыўныя працоўныя месцы» — так называўся круглы стол, які правялі прадстаўнікі правацэнтрыскай кааліцыі з жыхарамі Гародні. Дэтальна распрацаваная праграма „Мільён працоўных месцаў”, якая знайшла шмат прыхільнікаў была дапоўнена апошнімі статыстычнымі данымі да ўвагі удзельнікаў дыскусіі. Яраслаў Раманчук, які прэзентаваў гэтую праграму мяркуе, што і народ хоча бачыць нацыянальную гаспадарку, а не наменклатурную:
— Тое, што мы прапануем, гэта шлях дэцэнтралізаванага. Людзі павінны самі выбіраць інвестыцыйныя планы, рэалізоўваць іх на сваю рызыку, пры дапамозе тых фінансавых інструментаў і той інфрастуктуры, якая створана ў краіне. Безумоўна, трэба карыстацца магчымасцямі сусветнага рынку і досведу, якія маюць нашы суседзі, і Еўразвяз. Калі паглядзець на тое, як гэтыя краіны развіваюцца, якая доля малога і сярэдняга бізнесу ў гэтых краінах, дык у Нямеччыне, напрыклад, дзевяноста дзевяць адсоткаў.
Гарадзенская сустрэча на круглым стале мела чыста эканамічную тэму. Яна праводзіцца ў рамках пашыранага дыялогу са Швецыяй. У той час, як у шэрагу беларускіх гарадоў ужо прайшлі сустрэчы, але па тэмах іншага характару: выбарчай і праўнай рэформаў. На кожную з такіх сустрэчаў прыцягваюцца адмыслоўцы, якія з’яўляюцца экспертамі ў вузкай галіне. Кажа сябра рады аб’яднанай грамадзянскай партыі Леў Марголін:
— Гэта магчымасць прасоўваць партыйную стратэгію, бо адным са складнікаў нашай партыйнай праграмы з’яўляецца праграма «Мільён новых працоўных месцаў». У рамках гэта праграмы мы хочам давесці да простых грамадзян той факт, што ўрад не ў стане ствараць новых працоўных месцаў, што для гэтага патрэбныя сістэмныя эканамічныя рэформы, на якія наша ўлада не здатная.
Непрыхаваны інтарэс у гарадзенцаў, якія прыйшлі на круглы стол выклікалі даныя эканамічнага стану перадавых краінаў, якія прывёў Яраслаў Раманчук у параўнанні з беларускай рэчаіснасцю. Таксама удзельнікі дыскусіі закранулі пытанні пенсійнага забеспячэння, дармаедскага дэкрэту, энергетычнай палітыкі.
Поўны матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле:
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя