Як супрацьстаяць татальнаму лінгвацыду ў Беларусі?
26-га верасня адзначаецца Еўрапейскі дзень моваў. У 2001 годзе Рада Еўропы адмыслова ўсталявала гэты дзень, каб заахвочваць народы вывучаць розныя мовы на працягу свайго жыцця. Для беларусаў валоданне некалькімі мовамі – справа складаная, асабліва калі большасць не валодае сваёй уласнай. Адукацыя ў Беларусі застаецца пераважна каланіяльнай.
Таму паспяховы прыклад супраціву татальнаму лінгвацыду ў Беларусі можа быць узяты з Якуціі. Кажа Алесь Крой, сябра нацыянальнай Рады Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны:
– Бацькі ў 80-я – 90-я гады заўсёды, калі дзеці прыходзілі са школы, то казалі дома размаўляць па-якуцку. І вось яны ўсё ж такі дамагляся нечага, сёння каля 30% дзетак вучацца ў якуцкіх школах у сталіцы. Калі адбываліся перапісы насельніцтва, то якуты, нават тыя, якія не ведалі якуцкай мовы, абавязкова пісалі, што родная мова – якуцкая.
Міністэрства адукацыі, гледзячы па моўнай палітыцы, працуе зусім не для сваёй дзяржавы. Яскравы прыклад таго, як не павінна быць у краіне пад назвай Беларусь – гэта колькасць нацыянальных школаў тытульнай нацыі ў Гарадзенскім раёне, дзе існуе толькі тры беларускія школы з дваццаці чатырох. У самім абласным цэнтры школаў з беларускай мовай навучання зусім няма.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня