Як сёння павінна дзейнічаць апазіцыя?
Лідар Беларускай партыі левых “Справядлівы свет” Сяргей Калякін мяркуе, што ў сёняшняй сітуацыі “нічога новага для апазіцыі няма”.
Некаторыя эксперты мяркуюць, што пратэсты людзей, новая рэпрэсіўная хваля з боку ўладаў павінны з’яднаць беларускую апазіцыю. Але ці гатовая да гэтага яна?
Сяргей Калякін: Песня “пра яднанне апазіцыі” доўжыцца ўжо доўгі час, хаця для ўсіх гэтых размоў я наогул не бачу ніякай асновы. У нас ёсць пытанні, па якіх апазіцыя адзіная ў сваіх меркаваннях, і можа каардынаваць агульныя высілкі і дзеянні. Гэта датычыцца дэмакратызацыі грамадскага жыцця краіны, пераходу ад аўтарытарных формаў кіравання да прававой дзяржавы. Тут рознагалоссяў няма. Але ёсць пытанні, па якіх апазіцыя мае розныя погляды. Як на гісторыю, так і на будучыню Беларусі. І аб’яднацца тут проста немагчыма. Так, дарэчы, адбываецца ва ўсім свеце. Нідзе я не бачыў, каб усе арганізацыі дэмакратычнага кшталту дамовіліся і сталі, напрыклад, адной партыяй. Таму пра “раз’яднанне апазіцыі” кажуць альбо тыя, хто не разумее сутнасці пытання, альбо адбываюцца адмысловыя “ўкіды” (у тым ліку, і ўладай), каб пасварыць апазіцыю паміж сабой.
РР: Вы лічыце, што яднанне сёння не патрэбна?
Сяргей Калякін: Я не разумею, вакол чаго мы павінны аб’яднацца і навошта. Паглядзіце на апошні прыклад, калі праходзілі маршы абураных беларусаў. Апазіцыя ж, па вялікаму рахунку, скаардыянавала свае дзеянні і ў рэгіёнах, і ў цэнтры. Таму якое яшчэ яднанне патрэбна? Трэба стварыць адну дэмакратычную партыю ў краіне з аднымі іэямі, адзінымі поглядамі і адзіным правадыром? У нас ужо ёсць такое на ўзроўні ўлады, і мы ўжо бачым, да чаго гэта прывяло. Таму ў апазіцыйным асяродку сёння абсалютна нармальная сітуацыя. Іншая справа, што ўлады не даюць нрмальна развіваць у краіне палітычную сістэму, і тая ж апазіцыя вымушана працаваць у экстрэмальных умовах.
РР: Як у сёняшняй сітуацыі павінна дзейнічаць апазіцыя?
Сяргей Калякін: А што змянілася? У нас такая сітуацыя паўтараецца кожныя пяць гадоў. Рэжым з зайздроснай рэгулярнасцю заўсёды вяртаецца да нейкіх рэпрэсій. Так было ў 1997-м годзе, у 2002-м, у 2006-м, у 2010-2011-х гадах… Ідзе цыклічны працэс. Спачатку дэманструюцца спробы паказаць, што ўлада праводзіць нейкую лібералізацыю, а затым ідзе рэзкі адкат назад. І да гэтага трэба ўжо проста прызвычаіцца. Так працуе сістэма. Таму трэба разумець, што і надалей для апазіцыі ніхто не будзе ствараць цяплічныя ўмовы.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя