Як у Бярозе адзначылі ўгодкі Чарнобыля?
Бярозаўскія ўлады ўпершыню за 30 гадоў правялі публічную акцыю ля Цэнтральнага дома культуры пад назвай “Памятаць, каб не паўтарылася”, прысвечаную Чарнобыльскай трагедыі.
Але акцыя прайшла ў савецкай традыцыі. Сагнаныя старшакласнікі пад наглядам класных кіраўнікоў, у руках бела-блакітныя паветраныя шарыкі, выпушчаныя ў неба. З дарослых не было амаль нікога. Хаця запрашэнне ад уладаў было ў мясцовай раёнцы. І самі ўлады акцыю, здаецца, праігнаравалі. Бачна было толькі начальніка аддзела ідэалогіі Таццяну Кавалёк. Акцыя пачалася са слоў вядучага пра Чарнобыльскую катастрофу, затым працягнулася даволі вясёлымі песнямі, пад якія прытанцоўвалі галоўныя ўдзельнікі. Некаторыя з прысутных дарослых паставіліся да 40-хвіліннай акцыі крытычна:
– Вось гэта адбываецца ў трыццатую гадавіну трагічнай падзеі. Мне сорамна.
– У нас дагэтуль няма праўды пра Чарнобыль. Дзяцей сабралі. А чаму ж не сабралі чарнобыльцаў, тых, якім ільготы адмянілі? Дзе народ? Дзе ліквідатары? Дзе жонкі загінулых?
Як напамін пра трагедыю і людскія страты на акцыі стаялі 4 чалавекі з запаленымі свечкамі. Іх здымала, як заўсёды, міліцыя. Гэта прадстаўнікі дэмакратычнай грамадскасці, якім улады не дазволілі “Свечку памяці”.
[Not a valid template]
Беларускае Радыё Рацыя