Як у крызіс выжываюць навукоўцы?
Акадэмік Радзім Гарэцкі распавядае, як пачуваюць сябе ў крызіс беларускія навукоўцы.
Радзім Гарэцкі: Сітуцыя не вельмі радасная – у тых навукоўцаў, каго я ведаю, вельмі слабыя заробкі, таму пахваліцца няма чым. Ідзе скарачэнне, не хапае моладзі, бо на такія заробкі асабліва ніхто і не хоча ісці. Я думаю, што беларускія навукоўцы сёння поўнасцю салідарны з тымі хлопцамі з прадпрыемстваў, якія таксама скардзяцца на крызіс. Можа быць, нават апошнія больш атрымоўваюць, чым тыя, хто займаецца навукай.
РР: Людзі працуюць за ідэю?
Радзім Гарэцкі: Моладзь знаходзіць сабе месцы з прыстойнымі заробкамі – ідуць працаваць у розныя фірмы альбо з’язджаюць за мяжу. Асабліва тыя, хто мае “патрэбныя” на сёння спецыяльнасці. А больш сталым людзям і падзецца больш няма куды, таму трываюць. Тым больш, калі чалавек – сапраўдны навуковец, то ён не можа адарвацца ад сваёй работы. Ходзіць такі анекдот, што, калі нічога не будуць плаціць, працаваць усё роўна будуць.
РР: Гэта такое стаўленне да навукі?
Радзім Гарэцкі: Гэта агульны стан краіны. Грошай няма, прадпрыемствы спыняюцца, заробкі скарачаюцца, і навука – не выключэнне. Тут, калі і падымаюць заробкі, то не заўважыш. Ды і наогул навукоўцу на адзін заробак проста не пражыць. Таму многія вядуць па дзве-тры тэмы, каб мець больш-менш прыстойны прыбытак для жыцця.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя