Як у Расеі з беларусаў тэрарыстаў лепяць
Гомелец крытыкаваў агрэсіўную знешнюю палітыку Расеі, анексію Крыма і шавінізм. За гэта расейскія спецслужбы вырашылі зляпіць з 22-гадовага айцішніка ледзьве не тэрарыста.
22-гадовы гамяльчук Кірыл Сілівончык не з’яўляецца актывістам апазіцыйных партыяў і рухаў. Ён не ўваходзіць у экстрэмісцкія альбо русафобскія арганізацыі. Як і многія беларусы, ён вымушаны шукаць заробку ў Расеі. Выбар суседняй краіны ў якасці месца, дзе можна зарабіць грошы, тлумачыцца проста: няма патрэбы ў візе, спрыяльнае міграцыйнае заканадаўства і адносна высокі ўзровень заробкаў. Што праўда, у абмен на гэтыя бонусы беларусам-гастарбайтарам у Расеі варта быць асцярожнымі ў плане выказвання сваіх палітычных меркаванняў.
Кірыл Сілівончык уладкаваўся сістэмным адміністратарам на адным з прадпрыемстваў Ніжняга Ноўгарада. На ягоным акаўнце ў сацыяльнай сетцы „Укантакце” размешчаныя настальгічныя паведамленні пра беларускую мову, фотаздымкі з беларускай прыродай і разнастайныя палітычныя каментары на вострыя для расейскага грамадства тэмы. У некалькіх перапостах з праўкраінскіх паблікаў хлопец крытыкуе агрэсіўную знешнюю палітыку Расеі, анексію Крыма і шавінізм. Гэта, відаць, і стала чырвонай анучкай для расейскіх спецслужбаў, якія вырашылі зляпіць з айцішніка ледзьве не тэрарыста.
У снежні 2014 года Кірыла і ягоных расейскіх сяброў схапілі прама на вуліцы супрацоўнікі ФСБ. Калі да расейцаў асабліва прэтэнзіяў спецслужбісты не мелі, то беларуса ўпяклі ў СІЗА, абвінаваціўшы ў публічным закліку да тэрарыстычнай дзейнасці. Прасядзеўшы ў ізалятары да красавіка гэтага года, Кірыл быў асуджаны на 2 гады калоніі. Цяпер ён чакае этапавання.
Раскапаў усю гэтую гісторыю палітычны актывіст з Мінску Павел Юхневіч, які зацікавіўся сухімі паведамленнямі расейскіх СМІ аб асуджэнні грамадзяніна Беларусі за перапост інфармацыі з украінскіх паблікаў. Ён выйшаў і на сваякоў, і на дзяўчыну Кірыла Сілівончыка. Паводле Паўла Юхневіча, сваякі катэгарычна выступаюць супраць кантактаў з прэсай, баючыся, што гэта нашкодзіць Кірылу. Яны спадзяюцца, што ў звязку з 70-годдзем Перамогі над нацыстоўскай Нямеччынай беларускі палітвязень трапіць пад амністыю. Сям’я Кірыла Сілівончыка цалкам даверылася дзяржаўнаму расейскаму адвакату, які абараняе інтарэсы беларуса. „Пасля таго, як я апрылюдніў інфармацыю пра Кірыла Сілівончыка ў СМІ, мне патэлефанаваў ягоны брат. Ён у даволі агрэсіўнай форме запатрабаваў ад мяне, каб я не ўздымаў інфармацыйнага шуму. Яны, відаць, баяцца, што іхныя гомельскія суседзі дазнаюцца пра крымінальную справу”, – распавядае Павел Юхневіч.
Спроба стварыць са звычайнага беларускага хлопца тэрарыста – не першая. У мінулым годзе па падобным сцэнары хацелі асудзіць гомельскага актывіста анархісцкага руху Дзмітрыя Рэзановіча. Яго затрымалі на Курскім вакзале, калі ён ехаў з Украіны да сваіх расейскіх сваякоў. Потым следчыя ФСБ намагаліся сфабрыкаваць справу адносна таго, што беларус хацеў узарваць Курскую АЭС. Аднак хлопец вытрымаў допыты. Справа была перакваліфікаваная ў незаконнае перасячэнне расейска-украінскай мяжы. Гомелец Рэзановіч абышоўся тады паўгадовым зняволеннем дзякуючы актыўным высілкам сваёй сям’і, якая наймала адвакатаў, кантактавала з прэсай і ўвогуле далучылася да грамадзянскай кампаніі па вызваленні палітвязня.
У Гомелі жывуць людзі, якія добра ведаюць Кірыла Сілівончыка. Ягоныя аднагрупнікі з Машынабудаўнічага каледжу, выкладчыкі і сябры станоўча характарызуюць палітвязня. Калі яны дазналіся пра абсурдны арышт, то былі ў шоку.
Яўген вучыўся на той самай спецыяльнасці ў каледжы, што і Кірыл Сілівончык, толькі на год раней. З асуджаным сустракаўся неаднойчы. „Кірыл ніколі не быў экстрэмістам. Яго ўсе ведаюць як станоўчага і вясёлага чалавека. Я спецыяльна праглядзеў ягоныя акаўнты ў сацыяльных сетках, але нічога экстрэмісцкага не ўбачыў, калі не лічыць экстрэмізмам выказванні на роднай мове. Хтосьці вырашыў, відаць, зарабіць зорачку на пагонах. Лічу, што Кірыла робяць ахвярным казлом, ладзяць над ім паказальную расправу, каб людзі баяліся выказваць сваё меркаванне”, – падсумоўвае Яўген. На ягоную думку неабыякавыя людзі, знаёмыя і беларуская дзяржава павінныя тэрмінова ўмяшацца ў справу Кірыла Сілівончыка, каб не дапусціць жахлівай расправы над невінаватым чалавекам.
Мікола Бянько, Беларускае Радыё Рацыя, Гомель