Як украінская бюракратыя здзекуецца з бацькоў Міхаіла Жызнеўскага



Бацькам Міхаіла Жызнеўскага, які загінуў на Майдане падчас Рэвалюцыі Годнасці 2014 года, перасталі выплачваць пенсію, прызначаную па ініцыятыве Пятра Парашэнкі.

Атрыманне бацькамі Жызнеўскага штомесячнай выплаты, эквівалентнай 127 далярам, адразу сутыкнулася з супрацьдзеяннем украінскай бюракратыяй. Спярша Жызнеўскім прапанавалі атрымліваць пенсію праз “Укрпошту”. Тое, што праз канвертацыю тыя і без таго невялікія грошы ператворацца ў пыл, чыноўнікаў не цікавіла. Потым ад іх запатрабавалі стаць на ўлік у падаткавую, каб у разе смерці каго з Жызнеўскіх ніхто не змог на тую пенсію прэтэндаваць. А з пачатку лета прэзідэнцкую пенсію ўвогуле перасталі выплачваць.

Наш украінскі карэспандэнт Марцін Война сустрэўся з Аленай Ляшэнка і Юрыем Ляшэнкам, які апякуюцца бацькамі Жызнеўскага ў Беларусі, і Аляксандрам Ясенчуком, прадстаўніком чарнігаўскай “Самаабароны Майдану”, які апякуецца Жызнеўскімі ва Украіне.

 Аляксандр Ясянчук: Міністэрства сацыяльнай палітыкі выпрацавала механізм, згодна якога бацькі Міхаіла Жызнеўскага будуць атрымліваць тую прэзідэнцкую пенсію – кожны па 3250 грыўняў. Гэтыя грошы паабяцалі ці перасылаць асабіста ў Беларусь, ці аддаваць іх у Чарнігаве – пры ўмове, што бацькі будуць ездзіць штомесяц з Гомеля. Але гэтае выдатнае рашэнне было знішчанае ўкраінскай бюракратыяй. Прыязджаць тыя старыя людзі штомесяц у Чарнігаў не могуць. Ніна Васільеўна Жызнеўская ледзьве ходзіць: пасля таго, як яна дазналася пра смерць сына, у яе адняліся ногі. Міхаіл Пятровіч таксама чалавек ва ўзросце, і не можа рэгулярна ездзіць з Гомеля. Сёлета напрыканцы вясны яны ўсё ж прыехалі ў Чарнігаў і напісалі ў Цэнтр сацыяльнай абароны заяву, каб грошы нарахоўвалі на банкаўскую картку. Бо інакш праз канвертацыю грыўні ў беларускі рубель яны губляюць 25 % ад сумы. Але ж ім у гэтым адмовілі. Маўляў, а калі вы памрэце, а грошы замест вас будзе атрымліваць хто іншы? Жызнеўскія напісалі яшчэ адну заяву: маўляў, калі мы памрэм, то сваякі адразу пра гэта паведамяць і павярнуць тыя банкаўскія карткі. Тады чыноўнікі Міністэрства сацыяльнай палітыкі правялі нейкае дзіўнае “унутранае расследванне”, паводле якога высвятлілася, што Жызнеўскія цалкам здаровыя і могуць штораз ездзіць ва Украіну…

 Алена Ляшэнка: Так, стыпендыя сапраўды прызначаная. Але апошнім часам тыя грошы перасталі сплачваць. Бачыла нядаўна бацьку Міхаіла Жызнеўскага, ён сказаў, што ад чэрвеня грошы не нарахоўваюць. Але ж, калі тыя грошы пойдуць у Беларусь, бацькоў загіблага Міхаіла Жызнеўскага адразу паставяць на кантроль: і КДБ, і кантралюючыя фінансавыя службы, і падаткавая… Цяпер што да ўкраінскага боку. Цягам апошніх двух тыдняў было ўжо пяць тэлефанаванняў з Цэнтра сацыяльнага захісту: тэрмінова прыбыць для пастаноўкі на ўлік у Падаткавую службу. Маўляў, а як мы пракантралюем, колькі яшчэ месяцаў пражывуць тыя Жызнеўскія і хто гэта будзе кантраляваць. Праблема вельмі вострая… Усе абацяюць даць рады. Яшчэ летась, падчас сустрэчы з Пятром Парашэнкам, ён урачыста абяцаў і вырашыць гэтае пытанне як мага хутчэй, і прысвоіць Міхаілу Жызнеўскаму пасмяротна званне “Героя Украіны”… Пенсію далі, “Героя Украіны” – не.

Юрый Ляшэнка: Грошы Жызнеўскім перасталі нарахоўваць. Зусім. Вельмі хочацца, каб усе абяцанкі кіраўніцтва Украіны былі выкананыя. І каб старыя Жызнеўскія маглі б збольшага спакойна пажыць, а не кідацца ў розныя бюракратычныя інстанцыі. Тым больш, што гэтыя інстанцыя вымагаюць ад іх невядома чаго… У Гомелі ў іх і так багата праблем. Бацькоў героя “Нябеснай сотні” шмат хто называе “здраднікамі” і “фашыстамі”…

РР: Усё, што адбываецца вакол бацькоў Міхаіла Жызнеўскага, вельмі шкодзіць іміджу Украіны і ўкраінцаў у Беларусі.

Аляксандр Ясянчук: Спадзяюся, мы ўсё ж назіраем узор бюракратычнай тупасці, а не шкодніцтва. Спадзяюся, тыя чыноўнікі проста не разумеюць, што робяць. А, можа, хто і разумее… “Ну, загінуў той Жызнеўскі, і загінуў! Быў супраць Януковіча? Дык ён жа наш прэзідэнт!”

РР: Можа, ёсць сэнс непасрэдна звярнуцца да Пятра Парашэнкі?

Аляксандр Ясянчук: Трэба выкарыстоўваць усе магчымыя спосабы. “Грукайцеся, і вам адчыняць!” – сказана ў Святым Пісьме. Будзем грукацца…

Чыноўнікі, адказныя за выплаты пенсіі, абяцалі “разабрацца і вырашыць праблему найбліжэйшым часам”. Зрэшты, падобную абяцанку яны ўжо давалі разоў пяць як мінімум.

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя