Як улады ацэньваюць маральны ўрон за незаконнае зняволенне?



Праваабаронца Андрэй Бандарэнка распавёў, чаму каменсацыю ў 150 даляраў ён лічыць здзекам.

29 снежня 2017 года суд Маскоўскага раёна Менска прыняў рашэнне кампенсаваць маральны ўрон праваабаронцу Андрэю Бандарэнку, нанесены яму незаконным прыцягненнем у якасці абвінавачанага па ч.2 арт.411 Рэспублікі Беларусь. Суд ацаніў урон усяго ў 300 рублёў.

Андрэй Бандарэнка: Безумоўна, буду абскарджваць рашэнне, паколькі гэта не кампенсацыя, а самы сапраўдны здзек. Я разумею, што каменсацыя маральнага ўрона – гэта ацэначная катэгорыя, і толькі суд мае права указваць памер, кіруючыся прынцыпамі разумнасці і справядлівасці. Менавіта ён ацэньвае, які памер кампенсацыі падыходзіць таму ці іншаму чалавеку. Але ж 300 рублёў за незаконнае зняволенне – гэта ні ў якія вароты…

РР: Вы патрабавалі выплаціць вам 10 тысяч рублёў. З чаго зыходзілі, калі вызначалі такую суму?

Андрэй Бандарэнка: У першую чаргу зыходзіў з таго, што крымінальная справа была цынічна сфабрыкавана. І яе матэрыялы фабрыкавалі па ходу следства. Увесь гэты час ў турме мне зладзілі самы сапраўдны тэрор, запалохваючы наступствамі асуджэння. Пры гэтым рабілі такім чынам, каб мне было максімум пакутаў. У заяве я ўказаў, што маральныя перажыванні перанёс не толькі я, але і ўся мая сям’я. І гэтыя пакуты мне былі нанесены менавіта незаконнымі дзеяннямі прадстаўнікоў дзяржаўных органаў, якія аддавалі сабе справаздачу, што паступаюць незаконна, калі фабрыкуюць крымінальную справу. Адсюль і ацэнка маіх маральных пакутаў.

РР: А адкуль з’явілася лічба 300 рублёў?

Андрэй Бандарэнка: Відаць, менавіта гэтая лічба спадабалася суддзі. Сёння мы запатрабуем матывіровачную частку, у якой суддзя абавязана патлумачыць, чым менавіта яна кіравалася ў прыняцці рашэння. Пасля гэтага пададзім касацыйную скаргу. Трэба верыць у лепшае і змагацца за свае правы. Тым больш, што такім сваім рашэннем суды дэманструюць усім (у тым ліку і інвестарам), як у  Беларусі ацэньваецца маральны ўрон, нанесены дзяржаўнымі органамі. Пра якое імкненне інвеставаць у краіну можа ісці гаворка, калі заўтра вас могуць без аніякіх нагод кінуць за краты, а затым за гэта “кампенсаваць” 150 даляраў? Сваімі дзеяннямі суды робяць усё магчымае, каб дыскрыдытаваць любую ініцыятыву ўладаў. Хто захоча мець стасункі з такой дзяржавай?

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя