Як узаемадзейнічаць з мясцовай уладай?
Гэтае пытанне абмяркуюць у Гародні прадстаўнікі дэмакратычных партыяў і беспартыйныя грамадзяне. Круглы стол пройдзе 17-га красавіка. У офісе Аб’яднанай гарамадзянскай партыі адбудзецца навучанне для жадаючых пісаць звароты да уладаў па розных праблемных пытаннях. Кажа Аляксандра Васілевіч, старшыня гарадзенскай філіі АГП:
– Грамадскія і палітычныя актывісты звяртаюцца да ўлад часцей за ўсё з палітычнымі пытаннямі, а пытанні сацыяльнага кшталту не вырашаюць. А гэта, па-першае, быў бы вельмі добры досьвед стасункаў з уладай. А па-другое, улады не заўсёды бачаць тыя недахопы і памылкі, якія існуюць у жыцці горада ці ў розных галінах гаспадаркі.
Неабходнасць навучання грамадзянаў паўстала пасля аналізу безвыніковасці акцыі “За якасную медыцыну”, якую арганізоўвала кааліцыя “Гарадзенскі далягляд”. У яе склад ўвайшлі некаторыя дэмакратычныя партыі і праваабарончыя арганізацыі “Вясна” і “Беларускі Хельсінгскі камітэт”.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня