Як узрастуць кошты пасля выбараў?
Эканаміст Леў Марголін распавядае пра рост тарыфаў у бліжэйшы час.
Тарыфы на паслугі сувязі, гарадскога і чыгуначнага транспарту ў Беларусі ў 2016 годзе могуць істотна вырасці. Гэта прадугледжана прагнознымі дакументамі на наступны год, якія зараз распрацоўваюцца.
Паводле звестак БелаПАН, чакаецца, што спажывецкія цэны ў 2016 годзе вырастуць на 12%. Пры гэтым унёсак цэн, якія рэгулююцца дзяржавай, у інфляцыю складзе прыблізна 2%.
Тарыфы на паслугі паштовай і электрасувязі плануецца павысіць на 40%. Кошт праезду ў грамадскім транспарце Менска плануецца павысіць на 33% — да 6 тысяч рублёў за адну паездку.
Перавозка пасажыраў чыгуначным транспартам можа падаражэць удвая.
Тарыфы на жыллёва-камунальныя паслугі ў 2016 годзе плануецца павысіць на 5-7 долараў у эквіваленце і індэксаваць штоквартальна з улікам змены намінальнай заработнай платы.
Леў Марголін: Рост тарыфаў у 2016 годзе, безумоўна, звязаны з тым, што закончыцца выбарчая кампанія, хоць і не наўпрост, а ўскосна. Таму што пакуль працэс росту коштаў стрымліваецца штучна, а пасля выбараў яго ніхто стрымліваць не будзе. І тады народ адразу адчуе падаражэнні.
РР: Ці гатовы людзі да такога росту коштаў пры малых заробках?
Леў Марголін: Наш народ да ўсяго гатовы. Заробкі падаюць, кошты растуць, але ж ёсць стабільнасць. Вось зараз мэта нашай кампаніі падчас выбараў якраз і паказаць тое, што мы рухаемся у тупік, да прорвы. Але ёсць выйсце – трэба рабіць рэформы. Некаторыя эканамісты лічаць, што ўлады самі дойдуць да гэтага, але я ў гэтым вельмі сумняваюся.
РР: Ва уладаў вельмі аптымістычныя планы адносна інфляцыі ў наступным годзе. Ці ўдасца справіцца з ёй?
Леў Марголін: Не ўдасца, калі не будзе ніякіх рэформаў. Беларуская эканоміка ўжо прызвычаілася да такога ладу жыцця, як зараз, а таму пасля выбараў вернецца да яго. Жорсткая манетарная палітыка без рэформаў таксама нічога не дае. Яна толькі дадаткова забівае прамысловасць і іншыя галіны эканомікі.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя