Як выглядае захаванне гістарычных месцаў і помнікаў у рэгіёнах?
18 красавіка ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень помнікаў і гістарычных мясцін. Мэта гэтага дня – нагадаць пра неабходнасць аховы культурнай спадчыны, каб людзі не забывалі пра мінулае і з павагай адносіліся да ўсяго таго, што звязана са спадчынай.
Беларусь хоча стаць турыстычнай краінай. Апошнімі гадамі звернута больш увагі на захаванне гістарычных месцаў і помнікаў. Але, як бачна па Бярозаўшчыне або па суседніх раёнах, з-за недахопу сродкаў справа рухаецца вельмі марудна, кажа краязнаўца з Малеча, гісторык Аляксандр Кенда:
– Унікальным мог бы быць кляштар картэзіянцаў у Бярозе, нават яго руіны. Сапраўды, такіх кляштараў-картузаў ва ўсім свеце, здаецца, толькі тры. Але спецыялісты кажуць, што рэстаўрацыя была праведзена вельмі-вельмі недасканала. Была адрэстаўравана толькі брама, а астатнія руіны нават незакансерваваныя. Той жа Ружанскі палац: таксама толькі адна брама адрэстаўравана, а ўвесь комплекс, тое, што пабудавала адна сям’я, зараз цэлая дзяржава не можа аднавіць.
Паводле Аляксандра Кенды, не адзначана ў Бярозе яўрэйская калонія, якая існавала да Другой сусветнай вайны і магла бы быць цікавая для замежных яўрэяў. Замест яе абазначэння пастаўлены фігуркі коцікаў. Бярозаўскі раён прыцягальны толькі некранутай прыродай Спораўскіх балот.
Улада да зберажэння гістарычных помнікаў і мясцін ставіцца па-дылетанцку, без прыцягнення мясцовых спецыялістаў і краязнаўцаў. Дзейнічае па прынцыпе сам з вусам. Замест гістарычных выяў і помнікаў па ўсім горадзе жабкі, мядзведзікі, грыбочкі.
Поўны гук слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя