Як вырашыць праблему аўтамабільных пробак у Гомелі?
Праблема аўтамабільных пробак у цэнтры Гомеля можа быць вырашана шляхам пашырэння праезнай часткі вуліцы Савецкай. Такую прапанову агучылі ў абласным ДАІ. Прадстаўнік суполкі „Велагомель” Дзмітрый Трусаў не перакананы, што з’яўленне дадатковых палосаў руху для аўтамабіляў мінімізуе праблему затораў.
– Такое ўяўленне, што апошнім часам аўтамабілістаў распесцілі. Толькі пробкі з’явіліся – давайце Савецкую пашырым. На маю думку, гэта не прывядзе да дзейснага выніку, таму што там проста няма месца. Я заўсёды кажу, што горад мусіць развівацца ў першую чаргу для пешаходаў, а не для аўтамабіляў. А ў нас усё наадварот.
Гамяльчук Уладзімір Няпомняшчых жыве на вуліцы Савецкай. Пару гадоў таму каля ягонага дому пашыралі аўтадарогу, але праблема транспартных пробак у гадзіну пік так і не вырашылася.
– Рух вялікі, і пашырэнне вуліцы Савецкай на ўчастку ад Рагачоўскай да плошчы я лічу немэтазгодным. Трэба рабіць развілкі вакол горада, бо ўсё загазавана, немагчыма адчыніць вокны, асабліва летам у спёку.
Вуліца Савецкая ў Гомелі — другая па даўжыні. Яе працягласць — каля 8 км. Да 1861 года вуліца насіла назву Прабойная.
Беларускае Радыё Рацыя, Гомель
Фота govorim.by