Як з дапамогай youtube Алена Янушкоўская паляпшае жыццё аднавяскоўцаў
Алена Янушкоўская жыве ў вёсцы Суйкава Віцебскага раёна, што за 4 км ад абласнога цэнтра. Каб паказаць праблемы вясковага жыцця насельнікаў Заронаўскага сельсавета, яна стварыла ўласны відэаканал “Сапраўдная Беларусь”. І ён зрабіўся істотным сродкам уплыву на мясцовыя ўлады: чыноўнікі пачалі рамантаваць дарогі, упарадкаваць могілкі, дбаць пра наяўнасць транспарту да Віцебска і свежага хлеба ў краме. Бо службовым асобам не спадабалася, што ўвесь свет, а найперш вышэйшае начальства, цяпер бачыць іхнія недапрацоўкі.
Стваральніца канала Алена Янушкоўская не мае прафесійных навыкаў відэамантажу, ды і не імкнецца, каб знятыя ёй відэаролікі выглядалі як мастацкі твор. Проста здымае тое, што бачыць, каментуючы гэта за кадрам. І ніколькі не бянтэжыцца: Алена мае дыплом акцёркі, і нават мела прапановы ад двух маскоўскіх тэатраў, хаця лёс ужо даўно адвёў яе далёка ад мастацтва. Гэтая жанчына ўвогуле паспела шмат у жыцці: прапрацавала на БАМе, распачала ўласны бізнес, і нават не адзін, але ўсё страціла падчас крызісу. Пераехала з Віцебска ў Суйкава, бо гадавала разам з роднай дачкой пяцёра прыёмных дзяцей, і каб усім хапала месца, памяняла дом у горадзе на хату ў вёсцы, з вялікім агародам і ўласнай сажалкай.
Ужо больш як 15 гадоў Алена жыве вясковым жыццём. Яно ёй даспадобы. І падабалася б яшчэ болей, каб да патрэбаў насельнікаў перыферыі ўлады ставіліся больш уважліва: своечасова рабілі ўпарадкаванні, праводзілі газ і ваду ці хаця б чысцілі калодзежы. Алена Янушкоўская кажа, што стварыла свой канал-блог “Сапраўдная Беларусь” менавіта ў супроцьвагу тым ідылічным карцінкам, якія паказвае дзяржаўнае тэлебачанне:
– Я паказваю так, як ёсць на самой справе. Як жывуць людзі, якія ў іх праблемы, як працуюць улады. Дакладней, абсалютна не працуюць! Я бараню правы вяскоўцаў, бо вяскоўцы – самыя бяспраўныя ў нашай краіне. Да ўсяго, гэта тычацца і мяне асабіста. Бо я тут жыву, ведаю ўсе праблемы і не магу так вось проста гэта пакінуць! Тут дзецям маім жыць, унукам, а што ім застанецца, калі тут адны руіны?
Відэаблогерка з Суйкава адразу стала мясцовым аўтарытэтам, як толькі паказаныя ёй недахопы пачалі выпраўляцца. Яе голас ужо беспамылкова пазнаюць у сельсавеце ды райвыканкаме, калі даводзіцца тэлефанаваць са скаргамі. Ды і астатнія вяскоўцы цяпер не толькі звяртаюцца з просьбамі дапамагчы, але і пачалі браць з яе прыклад – пішуць заявы, патрабуючы навесці парадак на тэрыторыі сельсавета.
На жаль, да поўнага парадку яшчэ далёка, як кажа Алена Янушкоўская. Прыкладам, узімку па вёсцы пракладалі вадавод, а зараз на дарозе бруду – не прайсці. Менавіта гэтай праблеме прысвечаны апошні відэаролік, які ўсяго за пару гадзін набраў 65 праглядаў і 7 абураных каментароў. Хаця апошнім ён наўрад ці будзе: праблем у рэгіёне яшчэ шмат.
Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтаркі