Як захаваць псіхалагічную раўнавагу ў цяжкі час?



Ці можна падчас вайны застацца ў бадзёрым настроі? Як у складаны час захаваць псіхалагічную раўнавагу і не трапіць у пастку дэпрэсіі? Наколькі варта ў эміграцыі жыць падзеямі, што разгортваюцца на радзіме?

Андрэй Сасаў

Пра гэта і не толькі Госць Рацыі, псіхолаг Андрэй Сасаў распавёў нашаму радыё.

РР: Вайна ва Украіне ідзе ўжо не першы год. Як адчуваецца, наколькі змяняецца псіхалагічны стан украінцаў? Ці ўсё-такі яшчэ застаюцца людзі, якія псіхалагічна адаптаваныя, і досыць адэкватна ацэньваюць тое, што адбываецца навокал?

– Глядзіце, на кожнага вайна ўплывае па-рознаму, і ўзровень стрэсу таксама ўспрымаецца па-рознаму. Ёсць людзі, якія добра адаптуюцца. Нават гледзячы на нейкія жахлівыя фоткі/відэа, і перабываючы пад абстрэламі. У маім досведу ёсць такія кліенты, якія знаходзіліся пад абстрэламі, я з імі працаваў. Але яны знаходзілі ў сабе сілы адаптавацца, і матывавалі нават іншых людзей каб змагацца, дапамагаць, валантэрыць. Таму нельга ўзяць усіх пад адзін грэбень. Але большасць так, адаптуецца. Больш складана будзе працаваць з вайскоўцамі, калі яны ўжо будуць вяртацца, і пасля ўсіх перажытых страхаў і кашмараў будуць прыязджаць дадому, то там будзе больш складаная праца, якая нас чакае.

РР: Псіхалагічную дапамогу вайскоўцам варта аказваць менавіта тады, калі ўсё завершыцца, альбо можна проста цяпер?

– Можна і цяпер, але тут такая праблема, што яны пакуль не вельмі хочуць прыходзіць па дапамогу. Таму пра гэта трэба будзе думаць на ўзроўні дзяржавы. Можа нейкія праграмы навучання, каб вяртаць гэтых людзей да мірнага жыцця. Звычайна такія праекты ёсць і цяпер, напрыклад я з’яўляюся чальцом Нацыянальна-псіхалагічнай асацыяцыі Украіны, і ад гэтай асацыяцыі таксама ёсць праграмы якія дапамагаюць вайсковым у тым ліку. Але колькасць зваротаў не такая вялікая. Праграма ёсць, яна фундуецца з Ураду Еўрапейскіх краін, і з Украіны, але на жаль няшмат прыходзіць.

Цалкам размову слухайце ў далучаным файле:

З псіхолагам Андрэем Сасавым размаўляла наш карэспандэнт Марына Савіцкая.

Беларускае Радыё Рацыя