Як жыхары Бярозы ставяцца да змены Канстытуцыі?
Сённяшні Дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь не абышоўся без сюрпрызаў. Аляксандр Лукашэнка аб’явіў пра сваё жаданне змяніць Канстытуцыю чарговы, трэці па ліку раз. Як людзі ставяцца да чарговай змены Канстытуцыі? Адказваюць жыхары Бярозы:
– Захочуць яны намаляваць новую Канстытуцыю пад сябе – намалююць. І наш народ прамаўчыць, праглыне і скажа: «Можа, так і трэба».
– Прэзідэнта трэба мяняць.
– Хоча сына, хіба, зрабіць прэзідэнтам.
– Я ў гэтай Канстытуцыі слаба што разумею, але тое, што яны мне грошай не заплацілі з Адміністрацыі прэзідэнта, а я працаваў, то якая ж гэта ўлада!?
– Для мяне нашай беларускай Канстытуцыі не існуе. І які сэнс мяняць яе, калі мы не прытрымліваемся яе?
– Усё робіць, як хоча. Навошта яму Канстытуцыя?
У 1996 годзе пры першай змене Канстытуцыі Лукашэнка быў надзелены правам прызначаць службовых асобаў і выдаваць указы і дэкрэты. У 2004 годзе пры другой змене галоўнага Закону краіны было знята абмежаванне толькі двойчы балатавацца ў прэзідэнты. Жаданне падоўжыць прэзідэнцкі тэрмін з 5 да 7 гадоў было выказана яшчэ ў 2016 годзе. Відаць, гэта і стане адной з прычын новых змен у Канстытуцыі, мяркуюць людзі.
Поўны гук слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя, Бяроза