Як жыве вясковы інвалід
Уладзімір Велюк, інвалід першай групы з вёскі Лукомер Бярозаўскага раёна, фактычна не можа выходзіць з дома. Каля яго хаты паднялі дарогу, і ён не можа нікуды выехаць. Ён не раз звяртаўся ў сельсавет, скардзіўся, што вада з дарогі цячэ ў двор, у калодзеж, але атрымліваў той самы адказ – няма грошай. Уладзімір Велюк казаў аб праблеме і будаўнікам яшчэ два гады таму. Але ні тады, ні цяпер – ніхто не звяртае на яго ўвагі:
— Замуравалі. Машыны, МАЗы — усе ездзяць, а я не магу выехаць. Хаця б да сяброў паехаць, пагутарыць. Пры гэтым я яшчэ бяру вазок за кола, цягну на асфальт, потым сядаю і тады выязджаю. А восень, зіма, у бруд, дождж? Як сядаць? Увесь брудны, дождж ліе, уся вада да мяне ідзе, усё залівае, усё затоплена.
Уладзімір Велюк наракае на дзяржаву, якая раўнадушная, на яго думку, да інвалідаў. Кажа, што ні медыкі, ні сацыяльная служба ім не цікавяцца, хоць ён мае вытворчую траўму. Сам гадаваў дваіх сыноў. Цяпер атрымлівае 300 рублёў пенсіі. Каб выжыць, гадуе парсючка і курэй, трымае невялікую майстэрню, дзе рамантуе людзям сельгас-прылады. Што можа робіць сам, а на дарогу выехаць не мае магчымасці.
Поўны матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле:
Беларускае Радыё Рацыя