Як жывецца беларусам у Германіі?
Беларусы актыўна асвойваюць Захад. І не шкадуюць, што ідуць на такія крокі. Лічаць, што не страчваюць, а толькі набываюць. І ў планах з’ехаўшых – перацягнуць сваіх родных.
Пра тое, як жывецца нашым у Германіі і ў прыватнасці ў Мюнхене дзеліцца з нашымі слухачамі госця Радыё Рацыя Ганна Дзямчук з Берасцейшчыны:
РР: Колькі гадоў вы жывяце ў Мюнхене?
Ганна Дзямчук: Жыву там з 2015 года. Я прыехала ў нямецкую сям’ю выхоўваць іхных дзяцей і вывучаць адначасова нямецкую мову.
РР: Вы навучаліся дзесьці ў Беларусі ці паехалі адразу пасля школы?
Ганна Дзямчук: Я вучылася ў Мазырскім дзяржаўным педагагічным універсітэце і вырашыла, што мне патрэбна практыка. І я за год гэтай праграмы вывучу мову і пасля абараню дыплом. Але штосьці пайшло не так…
РР: Праз год Вы не вярнуліся ў Беларусь?
Ганна Дзямчук: Я б вярнулася, але я зрабіла Ausbildung адразу пасля праграмы і працую асістэнтам стаматолага.
РР: Як Вы сталі стаматолагам?
Ганна Дзямчук: Паколькі наша краіна знаходзіцца не ў Еўразвязе, былі пэўныя спецыяльнасці, на якія немцы ідуць працаваць неахвотна, і вось з іх можна было выбраць. Я выбрала стаматалогію. Я атрымала сярэдне спецыяльную адукацыю. Пасля можна вучыцца далей. Акрамя гэтага я аднавілася ва ўніверсітэце, праўда ўжо не ў Мазырскім, а ў Менскім, і вучуся завочна. Дзякуючы працадаўцу, да гэтай пары не было праблем лятаць на сесію. Спецыяльнасць – нямецкая мова.
РР: Моладзь звычайна аддае перавагу замежнай адукацыі. Можа Вы плануеце вярнуцца на Радзіму?
Ганна Дзямчук: На самой справе, пытанне вярнуцца ў мяне моцна не стаіць. Але я хачу завяршыць усё тое, што пачала, каб мае чытыры гады вучобы не прапалі. Я аднавілася і вельмі гэтаму рада. Гэта магчымасць прыехаць дадому, пабачыцца з сястой, яна, дарэчы, вучыцца ў Менску ў БДЭУ. І, канешне ж, да бацькоў.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле:
Беларускае Радыё Рацыя
Фота tournavigator.pro