Як жывецца шматдзетным сем’ям у Беларусі?
Колькасць шматдзетных сем’яў у Беларусі дасягае амаль 80 тысячаў. Такі статус дае сем’ям, у якіх трое ці больш дзяцей, шэраг ільготаў, у тым ліку на пабудову ўласнага жылля. На думку шматдзетных бацькоў, гэтая дзяржаўная дапамога выклікае часта неразуменне з боку іншых катэгорыяў насельніцтва. Бацька чатырох дзяцей Мар’ян Голуб згадвае камічную сітуацыю, звязаную з іміджам шматдзетных сем’яў:
– Людзі заўважаюць, што раз наша сям’я шматдзетная, то нам бясплатна далі кватэру. Не ведаю, з кепікамі гэта яны гавораць ці з зайздрасцю.
Гамяльчук Яўген Скочка рыхтуецца стаць бацькам чацвёрты раз. Ён удзячны дзяржаве за дапамогу ў будаўніцтве кватэры. Але заўважае, што ў цяперашнім заканадаўстве ў дачыненні да шматдзетных ёсць дыскрымінацыйныя моманты.
– Цяпер атрымліваецца, што мая жонка гэтыя 12 гадоў, якія была ў адпачынку па догляду за дзецьмі, проста прагуляла, і пенсію ёй за гэта плаціць не будуць. Хоць, з іншага боку, калі ў нейкага міністра адно дзіця, то, атрымліваецца, што мае дзеці будуць карміць таго міністра на пенсіі, бо ў мяне іх чацвёра, а ў яго – адно.
У звязку з гаспадарчым крызісам урад Беларусі спыніў шэраг дзяржаўных праграмаў падтрымкі шматдзетных сем’яў. У прыватнасці, часова прыпыненае ільготнае крэдытаванне будаўніцтва прыватных індывідуальных дамоў.
Беларускае Радыё Рацыя, Гомель
Фота з сайта hmms-marketyng.io.ua