Як жывуць дзеці Шарэндаў?
Цягам некалькіх гадоў органы апекі Берасцейшчыны цікавіліся жыллёвымі ўмовамі дзяцей грамадскіх актывістаў Паліны і Андрэя Шарэндаў. Акрамя спробаў паглядзець на побыт у кватэры актывістаў, прадстаўнікі ўлады на чале з міліцыянтам спрабавалі ўварвацца ў жыллё, калі абодвух бацькоў не было дома. Каментуе Паліна Шарэнда:
– Пачалі цікавіцца і тэлефанаваць нам, у якіх умовах мы жывем. Яны па прастаце душэўнай прызналіся, што намі цікавіцца КДБ. А падчас веснавых пратэстаў была такая подлая спроба: скарыстаўшыся тым, што я была па-сутнасці выкрадзеная міліцыянтамі, і у мяне не было мажлівасці патэлефанаваць, а мае просьбы паведаміць камусьці з нашых бацькоў, што дома засталіся маленькія дзеткі, аднаму з якіх годзік, яны ігнаравалі. А ў гэты самы час на ўсіх парах да кватэры, дзе засталіся дзеці, спяшаліся ўжо органы апекі ў суправаджэнні міліцыянтаў. Але дзякуй нашай бабулі, яна ўсё ж такі першая паспела.
–Пакуль што сям’ю Шарэндаў органы апекі турбаваць перасталі, аднак на іх спрабуюць ціснуць ужо іначай – праз крымінальную справу датычна «абразы прэзідэнта».
У якіх жа сапраўды ўмовах жыве іх старэйшы сын Славамір, можна паглядзець на фотаздымках.
Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце
Фота аўтара