Якаснай пітной вадой забяспечаныя 92% насельніцтва Беларусі



Якаснай пітной вадой сёння забяспечаныя 92,1% насельніцтва Беларусі, паведаміў генеральны дырэктар дзяржаўнага вытворчага аб’яднання „Белводаканал” Алег Конан на прэс-канферэнцыі ў Менску 18 снежня.

Паводле яго слоў, для таго, каб забяспечыць якасць пітной вады для 100% спажыўцоў, неабходна да 2025 года пабудаваць 1.400 станцый ачышчэння ад жалеза. „Гаворка ідзе пра населеныя пункты, якія знаходзяцца ў сельскай мясцовасці, з насельніцтвам ад 200 да 500 жыхароў”, — патлумачыў ён.

„Сёння мы пачынаем фарміраваць дзяржаўную праграму „Чыстая вада” на 2021—2025 гады. У ёй будзе некалькі напрамкаў, у прыватнасці, будаўніцтва станцыі ачышчэння ад жалеза, замена сетак водаправода і каналізацыі, якія адслужылі свой тэрмін, рэканструкцыя ачышчальных збудаванняў і ўкараненне сістэмы аўтаматызацыі і дыспетчарызацыі тэхналагічных працэсаў”, — распавёў Конан.

Дзяржпраграма будзе фінансавацца за кошт рэспубліканскага бюджэту, сродкаў прадпрыемстваў і крэдытных пазык міжнародных фінансавых арганізацый. Цалкам сфармаваць дзяржпраграму плануецца за тры кварталы 2020 года.

Кансультант аддзела водаправодна-каналізацыйнай гаспадаркі і добраўпарадкавання ўпраўлення камунальнай гаспадаркі і энергетыкі Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Іна Салівончык дадала, што на будаўніцтва ў 2020 годзе станцый ачышчэння ад жалеза з рэспубліканскага і абласных бюджэтаў будзе выдаткавана (як і на 2019 год) каля 50 млн рублёў.

Каб да 2025 года мець неабходную колькасць ачышчальных збудаванняў, кожная вобласць штогод павінна будаваць 40 станцый ачышчэння вады ад жалеза, дадала яна. У 2019 года ў краіне планавалася пабудаваць 250 станцый, але на сёння ўведзеныя ў эксплуатацыю толькі крыху больш за палову з іх, яшчэ па сотні станцый рыхтуецца дакументацыя для іх запуску. „Работы па астатніх станцыях, якія не атрымаецца скончыць да канца года, будуць завершаныя ў наступным годзе”, — запэўніла Салівончык.

belapan.by