Якаў Гутман: «У ХХІ стагоддзі могілкі знішчалі толькі баевікі ІДІЛ і ўлады Беларусі»
Гомель наведаў прэзідэнт «Сусветнага згуртавання беларускіх габрэяў» Якаў Гутман.
Дзеяч габрэйскага руху Якаў Гутман нарадзіўся Казахстане, але ў трохмесяцовым узросце разам з бацькамі прыехаў у Мазыр.
Арганізацыя «Сусветнае згуртаванне беларускіх габрэяў» займаецца пытаннямі аховы спадчыны габрэйскага народу. Кіраўнік уплывовай амерыканскай арганізацыі вырашыў разабрацца ў канфлікце вакол габрэйскіх могілак у Гомелі, на месцы якіх пачынаецца будаўніцтва жыллёвага комплексу «Ветразь».
РР: Чым займаецца арганізацыя «Сусветнае згуртаванне беларускіх габрэяў»?
Якаў Гутман: Нашых людзей (беларускіх габрэяў у эміграцыі) цікавіць усё, што звязана з Беларуссю. Трэба адзначыць, што сябрамі арганізацыі з’яўляюцца мігранты некалькіх пакаленняў, у тым ліку нашчадкі тых, хто некалькі пакаленняў назад трапіў у ЗША. Але ў першую чаргу людзей цікавіць стан могілак: ці не чапаюць парэшткі? Натуральна, што мы занепакоеныя захаваннем габрэйскай гістарычнай спадчыны ў Беларусі. Гаворка ідзе пра могілкі, помнікі архітэктуры, сінагогі і гэтак далей.
Я пастаянна сутыкаюся з людзьмі, чые дзяды (і прадзеды) з’ехалі з Беларусі. І яны выдатна ведаюць, што іх продкі, напрыклад, з Чашнікаў, я ўжо не кажу пра Менск, Віцебск… Дарэчы, на хвалі гэтай зацікаўленасці Беларуссю створаная адпаведная ўрадавая Камісія (U.S. Commission for the Preservation of America’s Heritage Abroad (Камісія ЗША па захаванні амерыканскай спадчыны за мяжой). У верасні мінулага года міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей і старшыня Камісіі падпісалі пагадненне аб супрацы ў справе захавання гістарычнай спадчыны ў Беларусі. Такім чынам, з пункту гледжання амерыканскага ўраду тыя ж могілкі ў Мазыры, дзе пахаваныя мае дзяды і бацькі, уваходзяць у амерыканскую спадчыну ў Беларусі.
РР: Як выконвае свае міжнародныя абавязальніцтвы ў сферы захавання памяці пра габрэяў беларуская дзяржава?
Якаў Гутман: Вось тое пагадненне, пра якое мы гаварылі вышэй, — сур’ёзнае. Але выкананне яго пакідае жадаць лепшага. Прычына, праз якую я прыехаў у Гомель, сведчыць пра тое, што відавочна не ўпершыню Беларусь парушае ўзятыя на сябе абавязальніцтвы па міжнародных пагадненнях. Калі казаць пра канкрэтныя факты, за апошнія 20 гадоў знішчаная сінагога на вуліцы Дзімітрава ў Менску, знішчаныя апошнія сляды так званай Халоднай сінагогі на Нямізе, якая была збудаваная ў 1570 годзе. Акрамя гэтага, разбураная сінагога ў Любані, прычым у 1996 годзе на будынку гэтай сінагогі была ўсталяваная шыльда ў памяць аднаго з найбольш аўтарытэтных рабінаў ХХ стагоддзя Мошэ Файнштэйне. Гэта мы гаварылі пра сінагогі. А што да могілак, у Гародні на месцы кладоў габрэйскай грамады ў 2008 годзе пабудавалі стадыён. У Мазыры ў 2003 годзе на тэрыторыі могілак раптам пачалі будаўніцтва катэджа, пры гэтым раскапалі шмат чалавечых парэштак. Будаўніцтва тады спынілі. Пачынаючы з 2003 года, я патрабую, каб зрабілі ўсё згодна з патрабаваннямі беларускага заканадаўства, то бок абазначылі тэрыторыю могілак. Аднак яны, замест абазначэння тэрыторыі могілак, выдзелілі пад забудову зону для ўзвядзення 10-павярховага дома. У тым жа 2003 годзе паўз іншыя габрэйскія могілкі ўвогуле праклалі газаавод.
РР: Што думаеце наконт гомельскага канфлікту вакол габрэйскіх могілак?
Якаў Гутман: Мне неяк патэлефанаваў нехта з гомельцаў і паведаміў, што ёсць такая інфармацыя пра планы будаўніцтва дамоў у раёне вуліц Сожскай і Валатаўской. На старадаўніх планах горада ў гэтым месцы абазначаныя могілкі. І гэтая сітуацыя якраз здарылася пасля мазырскіх спраў. Прычым, подласць якая, яны пачалі капаць у Мазыры на 2-гі дзень Ханукі. Яны не ведаюць, што такое Ханука. Але Бог ясна паказвае існасць гэтых людзей. І ўвогуле, у ХХІ стагоддзі могілкі знішчалі толькі баевікі ісламскай дзяржавы і ўлады Беларусі.
Я заклікаю неабыякавых грамадзян, палітычныя і грамадскія рухі, далучыцца да абароны габрэйскіх могілак у беларускіх гарадах і мястэчках. Вы зразумейце, гэта старое як свет: спачатку яны прыйшлі па нас, а потым прыйдуць па ўсіх астатніх. Будуць будаваць і на каталіцкіх, і на праваслаўных могілках.
Асобна хачу адзначыць момант пераследу беларускіх абаронцаў габрэйскіх могілак. Яшчэ нядаўна Сяргея Ляпіна спрабавалі судзіць нібыта за нанясенне шкоды дзелавой рэпутацыі забудоўшчыку і дзяржаўнай газеце. У гэты момант судовы пераслед Сяргея Ляпіна не скончаны, чакаецца наступнае судовае пасяджэнне. Такія людзі, як Сяргей Ляпін і Яўген Малікаў, робяць тое, што рабілі праведнікі свету падчас ІІ Сусветнай вайны. Праведнікі ваеннага часу выратоўвалі габрэяў, рызыкуючы сваімі жыццямі, жыццямі сваіх дзяцей. Сяргей і Яўген абараняюць тых, хто ніколі не зможа падзякаваць ім. Яны таксама рызыкуюць сваёй працай, рызыкай трапіць пад судовы пераслед з усімі матэрыяльнымі і маральнымі наступствамі. Мы разглядаем магчымасці судовага разбіральніцтва з уладамі Гомельскай вобласці, якія далі дазвол на будаўніцтва жыллёвых дамоў на габрэйскіх могілках у Гомелі і Мазыры.
Мікола Бянько, Гомель, Беларускае Радыё Рацыя