Якая прычына хуткага распаўсюду COVID-19 на Берасцейшчыне?
Несур’ёзнае стаўленне берасцейцаў да каронавіруснай інфекцыі — вось у чым прычына такога хуткага распаўсюду COVID-19. У гэтым перакананая мясцовая ўлада, якая яшчэ некалькі тыдняў таму сцвярджала, што сітуацыя з каронавірусам пад кантролем.
– Калі мы паглядзім на дадзеныя ад 16 траўня, то знойдзем інфармацыю, што агулам у берасцейскай гарадской лякарні ляжала шэсць соцен пацыентаў з пнеўманіямі. Зараз — гэта сотня штодня ці тры тысячы за месяц.
Лічым мінімальна: за два тыдні па сто захворванняў ад сярэдзіны траўня — атрымоўваем плюс 1500 выпадкаў, то-бок, павелічэнне на 300 працэнтаў. Варта звярнуць увагу на тое, што калі кажам пра пнеўманіі, то маем на ўвазе і частку тых, хто хварэе каронавірусам. Няўжо і там за два тыдні колькасць вырасла ў тры разы? Тады маем не тры тысячы, як некалькі тыдняў таму, а адразу дзесяць.
Замест афіцыйнай статыстыкі, якая б магла выратаваць дзясяткі чалавечых жыццяў, прадстаўляюцца частковыя дадзеныя і перакладаецца адказнасць на само грамадства.
Аліса Поль, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце