Якая сітуацыя з распаўсюдам каронавіруса на Берасцейшчыне?
Баранавічы, Берасце ды Пінскі раён — у такіх кропках не выключана з’яўленне каронавіруснай інфекцыі. Афіцыная інфармацыя на гэты конт адсутнічае, але ў сацыяльных сетках з’яўляецца ўсё больш паведамленняў пра пагрозу COVID-19:
– Усё часцей сталі публікавацца паведамленні пра перавод у рэжым каранціну асобных арганізацый і тэрміновай шпіталізацыі хворых на пнеўманію. Адзін з супрацоўнікаў Чыгуначнай лякарні ў Баранавічах паведаміў, што ўстанова часова закрылася з прычыны эпідэміі каронавіруса. Там зараз знаходзяцца пацыенты, якія патэнцыйна могуць быць хворымі на каронавірус. У Берасцейскую абласную лякарню, як адзначалася раней, была шпіталізавана жанчына сталага ўзросту са Столінскага раёна, яна ляжыць у спецыяльным боксе. Разам з ёй знаходзяцца родныя, паколькі яны мелі кантакт першай ступені. Як сцвярджаюць карыстальнікі сацсетак, у Пінскім раёне зараз перапоўненыя інфекцыйныя аддзяленні. Ставяць дыягназ “пнеўманія”. Але тэст на COVID-19 не робяць.
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце