Якая ў Беларусі рэальная сітуацыя з беспрацоўем?



Старшыня Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук распавядае пра рэальную карціну з беспрацоўем у Беларусі.

Як вядома, чыноўнікі адрапартавалі, што ўсе тыя, хто хацеў працаўладкавацца, ужо знайшоў сабе працу, і праблемы з беспрацоўем быццам бы ўжо няма. Ці так гэта?

Аляксандр Ярашук: Сітуацыя з беспрацоўе застаецца такой жа, як і раней. Казаць, што яна пагаршаецца, мабыць, таксама не варта, бо пагаршацца ўжо няма куды. Калі казаць пра рэгіёны, то многія прадпрыемствы там па сутнасці не працуюць. Паступовая дэградацыя прывяла да таго, што іх старыя вытворчасці і прадукцыя не запатрабаваныя, а новыя працоўныя месцы не ствараюцца, таму што няма ўмоў для развіцця бізнесу.

РР: Якія сёння заробкі ў рэгіёнах?

Аляксандр Ярашук: Калі ў абласных цэнтрах яшчэ можна знайсці нейкую больш-менш аплочваемую працу, то ў маленькіх гарадах і вёсках працуюць і за 100-200 рублёў. А многія і такую працу не могуць знайсці. Таму смешна слухаць афіцыйную статыстыку, калі абвяшчаюць пра 0,8 адсоткі беспрацоўя. Калі ж Белстат рабіў справаздачу па методыцы МАП, то назваў лічбу 5,8 адсоткаў. Я лічу, што і гэтая лічба павінна быць значна большая.

Зараз краіна ўцягваецца ў летні перыяд, і ўсе гэтыя праблемы будуць не так абвострана ўспрымацца. Але яны існуюць, нікуды не зніклі і не знікнуць у бліжэйшай перспектыве, таму што мы не бачым той палітыкі, якая магла б праблему занятасці ў краіне вырашаць. Таму не варта чагосьці чакаць тым беларусам, хто мае сёння праблему занятасці і заробкаў. Паўтаруся, прынцыповызх захадаў для змены эканамічнага курса не адбываецца.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя