Які лёс чакае сядзібу ў Кашубінцах?
Пасля зваротаў неабыякавых людзей і публікацый у рэгіянальнай прэсе спынілася канчатковае руйнаванне драўлянай сядзібы XVIII стагоддзя ў мясцовасці Кашубінцы Гарадзенскага раёна. На мінулым тыдні з будынка пачалі здымаць шыфер, але пасля ўмяшальніцтва журналістаў яго вярнулі на месца. Помнік драўлянага дойлідства належыць прадпрыемству “Агракамбінат Скідзельскі”, які не мае намеру захоўваць унікальную пабудову ў сувязі з тым, што яе няма ў спісе архітэктурных помнікаў.
Як зазначае краязнаўца Уладзімір Трахімчык, лёс адзінай у рэгіёне сядзібы такога кшталту, відавочна, будзе трагічны:
– І падлогу, і дах – усё адтуль цягнуць, што толькі могуць. Там стаялі два прыгожыя каміны. Няма ўжо майстроў, якія б змаглі такія каміны пабудаваць. У мінулым годзе ўсё гэта было знішчана, разабрана. Пасля ўзяліся за падлогу.
Сядзіба ў Кашубінцах некалькі разоў выстаўлялася на аўкцыён. Але прапанаваныя дзяржавай кошты ў памеры больш за 20 000 даляраў не зацікавілі патэнцыйных пакупнікоў. Міністэрства культуры два гады таму адмовілася ўключаць сядзібу ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў.
[Not a valid template]
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня