Які рэальны ўзровень беспрацоўя?
Беларускія ўлады рапартуюць аб зніжэнні на траціну ўзроўню беспрацоўя. Паводле афіцыйнай статыстыкі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, ўзровень зарэгістраванага беспрацоўя на 1 студзеня склаў 0,5% і знізіўся за год на 0,3 пункта. Старшыні кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук адзначае, што давяраць гэтым лічбам ня варта, насамрэч яны значна большыя.
– У мінулым годзе была спроба падлічыць беспрацоўе па методыцы Міжнароднай арганізацыі працы. І адразу іншыя лічбы з’явіліся на свет – дзесьці 6-7%. Мы ведаем, што была спроба па такой жа методыцы палічыць беспрацоўе ў такім буйным прамысловым цэнтры як Маладэчна, і там атрымалася 10%. Бліжэй да 10%, напэўна, – гэта рэальны ўзровень беспрацоўя сёння. На вялікі жаль, у краіне нічога не мяняецца ў эканамічнай палітыцы. Нічога не мяняецца і ў тым, што тычыцца падліку узроўню беспрацоўя ў краіне.
Абноўленая версія дэкрэта Аляксандра Лукашэнкі, празванага ў Беларусі дэкрэтам «Аб дармаедах», уступіць у сілу праз год. Дакумент атрымаў новую назву – «Аб садзейнічанні занятасці». Пакуль жа мясцовыя ўлады павінны зрабіць усё неабходнае, каб забяспечыць працоўнымі месцамі ўсіх жадаючых. Тых, хто не захоча працаўладкоўвацца, абавяжуць самастойна аплачваць сацыяльныя выгоды, у тым ліку медыцынскае абслугоўванне і адукацыю.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота infox.ru