Якім будзе народны мемарыял у Курапатах?



Курапаты – сімвал трагедыі найперш беларускага народу, але гэты мемарыял мае і сусветнае значэнне, як сімвал трагедыі ўсіх народаў, якія траплялі пад таталітарны прыгнёт, – лічыць сябра грамадскай інцыятывы „Эксперты ў абарону Курапатаў” Вацлаў Арэшка.

kurapaty2RR

Ён выступіў падчас круглага стала, які прайшоў у Менску і быў прысвечаны конкурсу „Курапаты – народны мемарыял”.

Па словах Вацлава Арэшкі, ідэя мемарыялізацыі з’явілася ўжо вельмі даўно, адразу пасля адкрыцця праўды пра  гэтае месца расстрэлаў у 30 – 40-я гады мінулага стагоддзя:

– Такім чынам, асноўныя падыходы да мемарыялізацыі ёсць і парушаць іх немагчыма. І хто б не пісаў на гэтую тэму, усё роўна мы сыходзімся на гэтых канстантах. Не павінна быць помнікаў, якія парушаюць тэрыторыю, не павінна быць помнікаў, якія дамінуюць з адной ідэяй, і павінен заставацца падыход з глыбінь народнай душы – гэта вельмі важны момант.

Па словах Вацлава Арэшкі, аргкамітэт па правядзенні конкурсу аб мемарыялізацыі не павінен быць жорсткім у падыходах. Не трэба падрабязна распрацоўваць сістэму мемарыялізацыі, якую аргкамітэт павінен прапанаваць удзельнікам конкурсу. Таму што гэты конкурс – не разавая акцыя. І ў працэсе працяглай працы ўсе канцэпцыі будуць удасканальвацца. І ў выніку гэтага працэсу з’явіцца мемарыял, годны памяці бязвінна забітых, – лічыць Вацлаў Арэшка.

Вынікі конкурсу на лепшую ідэю па мемарыялізацыі Курапатаў будзе абвешчаны ў канцы 2016 года. Пра гэта паведаміў кіраўнік мастацкай суполкі „Пагоня” Генадзь Драздоў.

Па словах мастака, гэтую выставу-конкурс плануецца правесці ў Палацы мастацваў у Менску, аб чым ужо ёсць папярэдняя дамоўленасць з Беларускім саюзам мастакоў:

– Па-першае, трэба адабраць лепшы помнік, праект, канцэрцыю, або архітэктурна-мастацкі ансамбль дзеля захавання, фіксацыі і ўшанавання месцаў масавых рэпрэсій мірнага насельніцтва з 1932-га па 1941-ы гады ва ўрочышчы Курапаты. Па-другое, гэта спроба ўраўнаважыць памяць ахвяр як фашыстоўскага рэжыму, так і савецка-бальшавіцкага, паміж якімі можна ставіць знак роўнасці. Па-трэцяе, гэта адзін з крокаў дзеля правядзення міжнароднага суда над савецкім рэжымам і над ягонай антычалавечай ідэалогіяй.

Ужо з’явілася шмат твораў, прысвечаных трагедыі ў Курапатах. „Але маштаб трагедыі настолькі вялікі, што даводзіцца зноў і зноў звяртацца да гэтай тэмы, каб асэнсаваць яе найбольш поўна і глыбока. Таму аргкамітэт конкурсу пашырыў колькасць намінацый творчага конкурсу. Працы будуць прымацца ў намінацыях: архітэктурны праект, жывапіс, скульптура, графіка, арт-аб’ект, фотаграфіка, відэаінсталяцыя. Мы таксама разлічваем далучыць да гэтага конкурсу не толькі прафесійных мастакоў, але і шырокую грамадскасць” – сказаў Генадзь Драздоў.

Калі б не высілкі грамадскасці па ўратаванні Курапатаў, то лёс гэтага мемарыялу ахвярам палітычных рэпрэсіяў 30-40-х гадоў мінулага стагоддзя быў бы больш драматычным, – лічыць юрыст Тамара Сяргей.

Яна выступіла падчас круглага стала, які быў прысвечаны конкурсу „Курапаты – народны мемарыял”.

Бачна, што апошнія два дзесяцігоддзі дзяржава спрабуе знішчыць Курапаты. І толькі грамадскасць не дае ёй гэта зрабіць, – сказала Тамара Сяргей. Прадстаўнікі ініцыятывы „Эксперты ў абарону Курапатаў” правялі ўжо некалькі судовых працэсаў, адстойваючы недатыкальнасць мемарыялу і яго ахоўнай зоны.

– Гэта былі працэсы і супраць Генеральнай пракуратуры, і супраць Міністэрства культуры. Але суд, на жаль, не стаў на бок грамадскасці, не стаў на бок Курапатаў, таму мы не можам нават і на суд спадзявацца. Але што далі гэтыя працэсы? Гэтыя працэсы далі ўвагу грамадскасці, увагу дзяржавы да гэтай праблемы.

У выніку ціск на мемарыял і яго ахоўную зону з боку розных камерцыйных структур рэзка зменшыўся. Міністэрства культуры вымушана было ўнесці ў ахоўную зону „дарогу смерці”, па якой з Менскіх засценкаў НКУС ахвяр палітычнага тэрору вазілі на расстрэлы, – распавяла Тамара Сяргей.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск