Якія рэформы патрэбны беларускай адукацыі?



Былы прарэктар БДУ Анатоль Паўлаў распавядае, якім чынам трэба было б мадэрнізаваць адукацыйную сістэму.

Больш за шэсць тысяч подпісаў сабралі моладзевыя арганізацыі пад петыцыяй у дзяржорганы з мэтай мадэрнізаваць беларускую сістэму адукацыі.

Як паведаміла Naviny.by старшыня аргкамітэта па стварэнні аб’яднання “Маладыя хрысціянскія дэмакраты” Марына Хоміч, МХД і “Студэнцкая рада” збіралі подпісы пад петыцыяй з кастрычніка. Ліст з подпісамі накіраваны ў Міністэрства адукацыі, Савет міністраў, Палату прадстаўнікоў і Адміністрацыю прэзідэнта.

Анатоль Паўлаў: Рэформа адукацыі ў Беларусі – гэта вельмі балючае і шырокае пытанне. Але, натуральна, дзяржава, якая сур’ёзна клапоціцца пра будучыню нацыі, заўсёды павінна быць гатова да рэфармавання такой сферы як адукацыя. Здароўе – гэта фізічны стан нацыі, адукацыя – маральны. Ніводная дзяржава не абыходзіцца без гэтага. Таму праблему трэба вырашаць.

РР: Якія, на ваш погляд, рэформы сёння патрэбны беларускай адукацыі?

Анатоль Паўлаў: У свой час у Беларусі ўжо ішлі рэформы, краіна рыхтавалася да ўступлення ў Балонскі працэс. Аднак усё, што было зроблена, закапалі ў пясок. Дык трэба хаця б вярнуцца да таго стану, у якім ужо была беларуская адукацыя. Тады была ўведзена 12-гадовая форма навучання ў сярэдняй школе, былі бакалаўры, магістратура… Дакументы ёсць, там усё прапісана. Дэмакратычныя асновы адукацыі, выбары рэктара… Не міністэрства, а самі ВНУ павінны вызначаць планы навучання. Шмат чаго можна зрабіць, але, паўтаруся, як першы крок, – трэба вярнуцца да тых вытокаў, якія былі пабураны ўмяшальніцтвам уладных чыноўнікаў.

РР: Многіх “ненадзейных” выкладчыкаў пазбаўляюць работы з-за кароткатэрміновых кантрактаў. Ваша стаўленне да гэтай з’явы?

Анатоль Паўлаў: Кароткатэрміновыя кантракты – гэта чарговае глупства! Была дакладная сістэма атэстацыі выкладчыкаў. Кожныя пяць гадоў чалавек праходзіў атэстацыю, яго слухалі на кафедры, на факультэце, і савет універсітэта вырашаў, ці працягваць з выкладчыкам работу. Усё было дэмакратычна, навукоўцы самі вырашылі, ці дастойны чалавек, каб працаваць. Таму рэформы патрэбны, мы ж жывем у сучасным свеце. Іншая справа, ці дойдуць да справы.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя