Якія рэформы патрэбны беларускай арміі?
Сузаснавальнік аргкамітэта па стварэнні аб’яднання “Абаронцы Айчыны” і былы “афганец” Аляксандр Камароўскі распавядае, чаму беларускай арміі патрэбна кантрактная сістэма.
У вучэбцы пад Барысавам, дзе служыў загінулы салдат, пачаліся рэформы. Стала вядома, што распускаюць сяржантаў, а новых набіраюць з баявых частак.
Аляксандр Камароўскі: Я ўжо неаднойчы казаў, што праблемы арміі – праблемы ўсяго грамадства. Трэба больш надаваць увагі выхаванню маладога пакалення, пачынаючы з дзіцячага садка. А армія – гэта той асяродак, дзе ўсе гэтыя праблемы праяўляюцца найбольш востра.
РР: Але ці патрэбна рэфармаваць той самы асяродак? І што, на ваш погляд, найперш трэба змяняць?
Аляксандр Камароўскі: Найперш трэба, каб у краіне была кантрактная армія. Калі я вучыўся ў ваенным вучылішчы, у нас не было ніякай “дзедаўшчыны”, таму што ўсе курсанты былі ў аднолькавым становішчы. Думаю, сярод кантрактнікаў было б тое ж самае. Да таго ж, прафесіяналы – гэта заўсёды лепш, чым аматары.
РР: Ці рэальна, што ў Беларусі могуць увесці кантрактную сістэму праходжання службы?
Аляксандр Камароўскі: Думаю, дзяржава па фінансах не пацягне гэта, бо ў такім выпадку трэба выдаткоўваць вялікія грошы. Адна справа, калі трэба 3 даляры плаціць звычайнаму салдату, і калі 300 даляраў неабходна даць кантрактніку. Таму варта наводзіць парадак у сённяшняй армейскай гаспадарцы, калі ўжо няма магчымасці перабудавацца на прафесійныя рэйкі. Грамадства вельмі негатыўна, з абурэннем ўспрыняла факты трагедый у войску, таму галоўная задача беларускай арміі сёння – падымаць свой аўтарытэт. Гэта магчыма, калі ёсць сапраўднае жаданне працаваць у гэтым накірунку, а не заплюшчваць вочы на праблемы.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя